Якая ж яна таленавітая і абаяльная! Гэта дзяўчына з цудоўным густам і «залатымі» рукамі… Гаворка ідзе пра дэкаратара Алену Жмыхаву. Нядаўна мне пашчасціла папрацаваць з ёй сумесна – яна афармляла фотазону для «love story» ад «Хойніцкіх навін» (мы яе разыгрывалі ў сацыяльных сетках) – і ўсе былі ў захапленні. Усё атрымалася так далікатна, вытанчана і міла! Дзяўчына сапраўды ўкладвае ў сваю працу душу. Тры з паловай гадзіны яна стварала прыгажосць для нашай фотасесіі і ўсё выйшла проста цудоўна!
Нарадзілася Алена ў Хойніках. Закончыла другую гарадскую школу. Затым вучылася на мадэльера-канструктара ў Светлагорскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы. Тут, пасля заканчэння другога курса, яна атрымала сваю першую рабочую прафесію – закройшчык пятага разраду. Менавіта гэта дало першыя парасткі да яе цікавага захаплення. А вышэйшую адукацыю яна атрымала ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце.
Прафесіянальна займацца дэкорам дзяўчына пачала тры гады таму. Яе натхняюць работы таленавітых дызайнераў, у прыватнасці асобных калег з Санкт-Пецярбургу. А крыніцай творчасці часта з’яўляюцца сезонныя кветкі. Так-так, Алена яшчэ і выдатны фларыст. У кветкавай справе ёй дапамагаюць мама і свякроў – яны вырошчваюць у сябе на ўчастках розныя віды кветак. Акрамя таго, наша «чараўніца» шукае расліны і зеляніну ў лясах і на палях раёна. Напрыклад, каліну, дзікі касач, лубін і іншае. Дарэчы, любімыя кветкі Алены – півоні і бэз.
Галоўным жа памочнікам і суддзёй усіх яе ідэй з’яўляецца муж Ігар. Яны разумеюць адзін аднаго з паўслова, таму працаваць у дуэце ім вельмі лёгка. Увесь мантаж драўляных і метала-канструкцый ляжыць на мужы. Алена вельмі ўдзячна яму за тое, што ён дапамагае ёй рэалізоўвацца.
Майстрыха добра шые, робіць брошкі, тапіарый. Яна сапраўдная вясельная фея! Залы для ўрачыстасці афармляе дзівосна. Чырвоны, зялёны, сіні, бірузовы, персікавы, ружовы, фіялетавы, бэзавы – у розных колерах, стылях… Дзякуючы яе фантазіі і таленту, любое памяшканне пераўтвараецца ў нешта казачнае. Наогул гэта цяжка перадаць словамі, гэта варта бачыць. У кожным афармленні столькі арыгінальных дэталяў, усё заўсёды прадумваецца да дробезяў.
На стварэнне новага варыянта дэкору ў яе затрачваецца ад двух тыдняў да паўгода (гэта з улікам паралельных праектаў). Усё залежыць ад складаннасці і памеру заказа. Калі старанна займацца з 8 да 17.00 штодня па буднях, то да вялікага вясялля можна падрыхтавацца прыкладна за тры тыдні.
У рабоце Алена аддае перавагу класічнаму стылю, акрамя таго падабаецца вінтаж, шэбі-шык. Сутнасць апошняга складаецца ў тым, што мэбля, прадметы інтэр’еру штучна састараны. Па словах дэкаратара, хайнічанам больш прыходзяцца да спадобы класічныя драпіроўкі, паколькі гэта больш бюджэтна, ды і памяшканні ў большай ступені ў нас выкананы ў класіцы.
Алена таварыская, лёгка знаходзіць агульную мову з людзьмі. Яна цікавая субяседніца, уважлівая і тактоўная. І яшчэ некалькі штрыхоў да яе партрэту. Па гараскопу – Стралец. У адзенні любіць свабодны стыль, каб вопратка не замінала руху, да таго ж падабаецца дзелавы, які дадае сталасці і ўпэўненасці. Любімы колер – светла-блакітны. Адпачываць любіць у спакойнай атмасферы сярод блізкіх людзей. Апошняя прачытаная кніга: «Крадзь як мастак» Осціна Клеона, а любімая – Соула Джона «Манхэтэнскі паляўнічы клуб», а яшчэ падабаецца Булгакаў. У фільмах пераваг няма, але вельмі зацікавіў расійскі гісторыка-дакументальны фільм «Раманавы», бо з яго шмат даведалася новага, ды і касцюмы розных эпох яе проста зачароўваюць.
Алена ўмее здзіўляць. Да прыкладу, нам на фотосесію, аб якой я расказвала ў пачатку публікацыя, яна прынесла чароўнага рыжага труса. Таму, калі вы любіце ўсе прыгожае, незвычайнае і з сюрпрызамі – вам да Алены!
Наталля ЧЭКАН.