На мінулым тыдні ў Гомельскай вобласці працавалі спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Яны правяралі стан малочнатаварных ферм і малакаперапрацоўчых заводаў. У нашым раёне правяраючыя пабывалі на Судкоўскай малочнатаварнай ферме і ў вытворчых памяшканнях ПУП “Палескія сыры”. Па выніках праверкі стан “Палескіх сыроў” прызнаны адным з лепшых у вобласці, і толькі некаторыя дробныя заўвагі выказаны ў адрас Судкоўскай МТФ.
Менавіта на гэтай ферме і пачаўся 28 сакавіка чарговы раённы семінар кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і адказных за гаспадаркі. Яго ўдзельнікі азнаёміліся з умовамі, у якіх утрымліваецца жывёла на гэтай МТФ, выслухалі каментарыі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна А.М. Кудакі. Пры гэтым старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан адзначыў, што такімі павінны быць усе фермы ў раёне.
Наступным адрасам работы семінара стала КУП “Аравічы”. Тут яго ўдзельнікі азнаёміліся з ходам сяўбы ячменю і аўса на полі пад Навасёлкамі і тэхналагічным працэсам падкормкі азімых, а таксама ўнясеннем мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу.
Пабывалі ўдзельнікі семінара і на мехдвары гаспадаркі, дзе ўжо быў падрыхтаваны да работы новенькі дыскатар, які “Аравічы” атрымалі па лізінгу.
Пры падвядзенні вынікаў семінара крытыцы за маруднае разгортванне работ на веснавой сяўбе былі падвергнуты ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і эксбаза “Стралічава”.
Віктар НАЗАРАНКА.