У прыватным доме ветэрана педагагічнай працы Святланы Сачанкі на самым бачным месцы ў адным з пакояў замацаваны партрэт яе бацькі – паважанага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Сапронава.
З першага па апошні дні вайны гэты адважны мужчына быў на фронце, туды імкнуўся нават пасля кожнага цяжкага ранення і кантузіі. Дарэчы, менавіта тады родныя атрымалі пахаронку на яго. Якое ж было шчасце, калі Пётр вярнуўся дадому жывы! Ён вытрымаў неверагодныя выпрабаванні і амаль усё жыццё трымаў сваю ваенную біяграфію ў сакрэце.
Яго нашчадкі – дочкі, сын і ўнукі – неаднаразова хацелі дэтальна даследаваць ваенны шлях галоўнага чалавека сваёй сям’і, але атрымалася толькі сабраць яго па крупінках. Імі і падзялілася шаноўная Святлана Пятроўна.
«Бацька нарадзіўся ў 1922 годзе ў Курскай вобласці. У 18 гадоў пайшоў у дзеючую армію – з 1940 года служыў у Ленінградскай вобласці. Адтуль і пайшоў на фронт.
Служба, калі спасылацца на яго ваенны білет, праходзіла ў лётных войсках. Хаця тата быў разведчыкам. Менавіта яны першымі заходзілі ў населеныя пункты. Яго воінскае прызванне стала і лёсавызначальным. Вось чаму.
У 1943 годзе яго брыгада зайшла на Хойнікшчыну. Каля Небытава, у раёне вёскі Рудзенька, малады разведчык сустрэў сталага мужчыну. Той расказаў усё, што ведаў. А назаўтра сюды прыйшла савецкая армія.
Мясцовы дзядзька быў партызанам. Яго сям’я – жонка і пяцёра выжыўшых дзяцей – пражылі ў нямецкай акупацыі, на іх долю выпала нямала цяжкасцяў.
Пасля вайны воінская часць заняла пазіцыю ва ўрочышчы Рагінь таксама ў Хойніцкім раёне. Побач быў абозаколавы завод, дзе працавала мая матуля Кацярына. Маладыя людзі пазнаёміліся, сталі сябраваць, а пазней Пётр прыйшоў пазнаёміцца з бацькамі каханай. Там ён і пазнаў свайго звязнога – бацьку Кацярыны і партызана Міхаіла Бурака. Сам лёс іх звёў двойчы.
На той час Пётр Сапронаў мог пахваліцца высокімі ўзнагародамі, сярод якіх Ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За ўзяцце Кёнігсбергу» і «За перамогу над Германіяй». Але ніколі гэтага не рабіў з-за прыроднай сціпласці.
Ішоў час, тата усё сваё мірнае жыццё прысвяціў сям’і і працы ў харчовай прамысловасці. Яго неаднаразова запрашалі паўдзельнічаць у Парадзе Перамогі, але ён выбіраў пабачыць яго па тэлевізары. Прычыны даволі далікатная – кожны раз, калі Пётр Дзмітрыевіч бачыў масштабную падзею, пачынаў плакаць. Вопытны разведчык, франтавік не мог стрымаць эмоцыі, калі зноў бачыў ваенную тэхніку, салдат. Быццам ажывалі ў памяці карціны тых часоў, калі яго таварышы марылі здабыць Перамогу. І ў іх гэта нарэшце атрымалася».
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.