Тутэйшыя: у Дубровіцы гай шуміць — і тут русалку вадзілі

Тутэйшыя

Наша чарговая вандроўка па вёсках Хойнікшчыны прыпынілася ў Дубровіцы. Вёска стаіць літаральна на мяжы з Рэчыцкім раёнам, да Хойнік 20 кіламетраў. Але тутэйшыя быццам не адчуваюць, што далёка жывуць. Жартаўліва кажуць: лёгка дацягнуцца да таго, што ім патрэбна.

Першым, каго сустрэлі на сваім шляху – работніка дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 155 Уладзіміра Дубікоўскага. Ён прыехаў, каб абкасіць траву паабапал дарогі. Зрабіў сваю справу і паехаў далей.

А тут якраз ціхенька ехала на сваім веласіпедзе сацыяльны работнік і мясцовая жыхарка Марына Дрозд. Пачакайце, вы яшчэ не адзін раз сустрэнеце гэта прозвішча ў тэксце – але ўсе толькі аднафамільцы, бо гэта самае распаўсюджанае прозвішча тут.

Марына Аляксандраўна ехала разам з унукам Ягорам, які праводзіць свае канікулы ў бабулі. Сам хлопчык жыве ў Рэчыцы з бацькамі, але пасля вучэбнага года імкнецца сюды. Дарэчы, Марына Дрозд родам з Карэліі. Лёс завёў яе на Палессе, дзе яна сустрэла свайго каханага Віктара. З ім збудавалі дом і сваю сям’ю. Жанчына працуе тут жа, даглядае пяцярых пажылых людзей. У мінулым яна была поварам у мясцовым кафэ. Суседзі і сёння хваляць стравы, што гатавала абаяльная Марыначка. Асабліва гуляш – так магла прыгатаваць, што за дадаткам ішлі.

Пра гэта ўспомніла ўпаўнаважаная вёскі – Алеся Чарненка, якая да таго ж яшчэ і дэпутат Велікаборскага сельсавета. Алеся Сяргееўна ў вёсцы таксама не зусім тутэйшая, хутчэй, тубельная. Так кажуць пра людзей, якія хаця і не нарадзіліся ў вёсцы, але доўга тут жывуць і сталі сваімі даўно. Алеся і яе сям’я прыехалі сюды ў 1989 годзе з Узбекістана. Жанчына закончыла тут пачатковую школу, атэстат атрымала ў Партызанскай школе.

У Дубровіцы працавала прадаўцом, потым на ферме, а пазней аформіла асабістую падсобную гаспадарку. Сёння ў Алесінай міні-ферме 10 кароў, два бычкі і адна цялушка. Гэту нялёгкую працу ведаюць і дзеці нашай гераіні – Кіра, Анастасія і Мікіта. Калісьці дапамагалі матулі пасвіць худобу, таму кошт працы ведаюць добра.

Па яе прыкладу занялася гаспадаркай і сястра Раіса. Паважаную Раісу Сяргееўну ў вёсцы ведаюць як таленавітага арганізатара свят і мерапрыемстваў. Яна працавала ў сельскім клубе, радавала праектамі дзяцей і дарослых. Хаця мы асабіста і не пазнаёміліся – гаспадыня была занятая на агародзе – перадаём ёй прывітанне.

Вельмі пашанцавала пагутарыць са старажыламі вёскі. Ветліва сустрэла новых знаёмых Валянціна Дрозд. Яна амаль ўсё жыццё прысвяціла гандлю, працавала ў мясцовым магазіне, а перад пенсіяй яшчэ і дарожнай рабочай. Не жанчына, а маналіт. Валянціна Рыгораўна нарадзілася тут, у Дубровіцы, ведае ўсіх. На Радуніцу ніхто міма яе хаты не праязджае – усе ідуць вітацца з цёцяй Валяй. Менавіта яна і нагадала, што ў іх таксама шанавалі традыцыйна абрад – ваджэнне Русалкі. Нават яна вадзіла.

Адметна, што тата гэтай працавітай жанчыны – Рыгор Іванавіч – быў неверагодна майстэрскім плотнікам. Змайстраваў у роднай вёсцы не адну хату. Бачыць іх сёння Валянціна Рыгораўна і бацьку добрым словам успамінае. Ды і ўнукі яго імя праславілі – абодва зараз працавітыя мужчыны.

Далей па вуліцы Калгаснай жыве яшчэ адна тутэйшая – Яўгенія Доўбыш. Родам яна з Ізбыні, у 17 гадоў пайшла замуж за мясцовага хлопца Валянціна. Не пакідаюць Яўгенію Ўладзіміраўну яе дзеці і ўнукі. А што яшчэ для шчасця трэба! Хіба што здароўя кропельку, каб сілы былі на агарод выйсці.

Дарэчы, у гэтай вёсцы асноўная колькасць жыхароў – сярэдняга ўзросту. А нядаўна вялікую цікавасць да тутэйшых хат займелі маладыя сем’і з дзеткамі – актыўна набываюць пад дачныя домікі. Можа, гэта другое дыханне ў вёскі будзе.

Пабачым!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *