Адпачынак душы, непадуладны часу. Як галоўны бухгалтар завода гідраапаратуры знайшла сябе і ў творчасці

Культура Людзі і лёсы Увлечения хойничан Экономика

borodulina

Пасада галоўнага бухгалтара на любым прадпрыемстве і ў любой арганізацыі з’яўляецца адной з самых адказных і ключавых. Менавіта на гэтага чалавека кладзецца асноўны цяжар адказнасці за фінансавую дзейнасць прадпрыемства, арганізацыі або ўстановы, за належнае вядзенне дакументацыі, безліч іншых, не менш важных пытанняў. Таму ў паўсядзённым жыцці людзі такой пасады і прафесіі звычайна апраўдана выглядаюць сур’ёзнымі, засяроджанымі і нават заўсёды нечым заклапочанымі.
А вось галоўны бухгалтар Хойніцкага завода гідраапаратуры Любоў Міхайлаўна Барадуліна (на здымку) смела парушае падобныя стэрэатыпы. І не толькі абаяльным знешнім выглядам і заўсёды добразычлівай усмешкай, але і шчырым адкрытым характарам, дасціпным і трапным, да месца ўжытым жартам. І, напэўна, мала хто задумваецца аб месцы работы гэтай прыгожай жанчыны, калі чуе яе мілагучны голас са сцэны ў час выступлення ансамбля сям’і Барадуліных. А вось думка аб тым, як удаецца ёй аднолькава паспяхова спраўляцца і на рабоце, і дома, і ў мастацтве, напэўна прыходзіла не да аднаго слухача.
На заводзе Любоў Міхайлаўна прайшла ўсе вехі службовай кар’еры –  ад рабочай да галоўнага бухгалтара, без адрыву ад вытворчасці па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік» спачатку закончыла Гомельскі чыгуначны тэхнікум, а потым і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Вось ужо 28 гадоў нядаўна споўнілася з таго дня, як упершыню пераступіла яна парог завадской прахадной. За гэты час яе бясцэнным набыткам сталі неаспрэчны аўтарытэт і глыбокая павага ў калектыве, а яе думка і слова многае значаць у прыняцці самых важных стратэгічных і тактычных рашэнняў развіцця вытворчасці, вырашэнні сацыяльных і бытавых пытанняў.
Пасля заканчэння рабочага дня разам з мужам Паўлам Віктаравічам акунаецца яна ў дзівосны свет творчасці. Сямейнаму ансамблю Барадуліных, у які ўваходзіць яшчэ і дачка Віка (зараз яна з’яўляецца студэнткай дзённага аддзялення Белдзярж-універсітэта) яшчэ толькі 6 гадоў, але яго добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Высокі прафесіяналізм, артыстызм, бездакорны і беспамылковы выбар рэпертуару – вось яго адметныя рысы. Нездарма ж выступленням ансамбля Барадуліных аднолькава горача і шчыра апладыруюць і прафесіянальныя музыканты ў вялікіх гарадах, і жыхары невялікіх вёсак. Дасягаецца такая сугучнасць і безпамылковасць гадзінамі рэпетыцый на сцэнах устаноў культуры, а таксама нярэдкімі заняткамі дома – нават гукавую апаратуру спецыяльна для гэтага набылі.
Але на такую загружанасць ніхто з Барадуліных нават і не думае наракаць. Напэўна, трапна нехта заўважыў: творчасць – гэта адпачынак душы, непадуладны часу.
Што датычыць творчага крэда, то пра яго Любоў Міхайлаўна сказала так:
– Пры выбары новай песні мы зыходзім з таго, што яна павінна быць прыгожай: мець прыгожую, запамінальную мелодыю і аранжыроўку, прыгожыя, кранаючыя за душу словы. А калі гэта ёсць – імкнемся і самі адпавядаць зададзенай песняй планцы – выходзім у прыгожых сцэнічных касцюмах, ну і, канешне, гучанне шліфуем на рэпетыцыях так, каб яно было бездакорным…
Думаецца, што, пастаўленая задача ансамблем Барадуліных выконваецца на «выдатна».

Віктар Назаранка.
Фота Вікторыі Мароз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *