Таццяна Абрамава – пастух для 306 кароў. За такую работу не сорамна

Наши проекты

Дома яе чакаюць муж і трое дзяцей. А на рабоце – каровы. 40-гадовая Таццяна Абрамава – пастух з 10-гадовым стажам на пасбішчы КСУП «Імя І.П. Мележа». Па штатным раскладзе – жывёлавод. Некалькі месяцаў у годзе жанчына пасе кароў. Змена цягнецца 6 гадзін. Працуе па чарзе з напарнікам у вёсцы Хвойнае. Мы сустрэліся з ёй, каб распытаць пра жыццё і побыт у полі, адказнасці за статак.

Ёсць прыгажуня «Рыжая» і бык «Малыш»

Каб быць пастухом, багата розуму не трэба хтосьці падумае. Аднак, паверце, трэба. Так, без дыплома сюды можна ўладкавацца. Але ж вы толькі паспрабуйце адна справіцца адразу з 306 жывёламі – столькі галоў складае статак. Каровы калі захочуць, тады і перамяшчаюцца на новае месца. Жанчына адказвае не толькі за кароў, але яшчэ і за пасевы. Гэта значыць, калі статак жывёлавода ўцячэ ў калгасны рапс ці ячмень, у гераіні з зарплаты аднімуць нанесеныя гаспадарцы страты. Паверце, яны будуць немаленькія: самі ўявіце, на што здольныя каровы. Дарэчы (каб не сурочыць), такіх сітуацый пакуль не было.

Кожны дзень на прыродзе. Рамантыка!

У прыдачу яшчэ мошкі і авады. Ад дажджу жанчыне дапамагае плашч, ад спёкі – рэдкі хмызняк, ды і абвыкае яна да спякоты. Прызнаецца, што на прыродзе з буронкамі лепш, чым недзе ў горадзе, дзе пыл, шум і багата людзей.

Каровы яшчэ здалёк заўважаюць сваю гаспадыню і працяглым «Мууу!»  паведамляюць, што гатовыя ісці на вадапой. Асноўная прылада пастуха Таццяны – палка. Не падумайце, сваіх падапечных яна не б’е, а выкарыстоўвае для падстрахоўцы ды каб падагнаць статак. Паспаць на полі нельга, потым і кароў не знойдзеш – як рвануць і не заўважыш   (у пачатку кар’еры так і было некалькі разоў).

Абавязкова бярэ на поле ваду і каўбасу

Пакуль каровы адпачываюць, яна паспявае і кнігу пачытаць. У асноўным, гэта дэтэктывы. Без заплечніка з хаты на поле не выходзіць. У ім звычайна ляжыць вада, каўбаса, хлеб і агуркі.

Каровы таксама любяць цянёк

У пастуха дома скаціны няма. Прызнаецца, што тут дастаткова. З сярэдзіны красавіка ў Хвойным выгналі кароў на пашу. У полі буронкі звычайна па верасень (бывае і больш, калі надвор’е дазваляе). Самая камфортная тэмпература, паводле слоў пастуха, да 25 градусаў. Тады і надоі добрыя, і працаваць лягчэй. Праўда, цяжкавата быць на нагах. За дзень яна пешшу праходзіць больш за 10 кіламетраў.

Муууууу

За такую работу не сорамна.

– Пастуха зараз складана знайсці, не тое, што раней, – кажа жанчына.

Баяцца гэтай работы многія. Толькі не наша Таццяна.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *