Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, мастак – у карцінах, скульптар – у створаных ім скульптурах. А настаўнік – у думках і ўчынках людзей. Вось чаму кожны чалавек у Дзень настаўніка з пачуццём глыбокай удзячнасці ўзгадвае сваю родную школу, сваіх настаўнікаў.
На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу педагогаў, у мінулы чацвер у ГЦКіС “Меліяратар” сабраліся прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі Хойнікшчыны.
У гэты святочны дзень педагогі цікавіліся справамі сваіх калег, абмяркоўвалі надзённыя пытанні. Адчувалася, што разам сабраліся аднадумцы.
Словы ўдзячнасці за плённую працу выказаў педагогам намеснік старшыні райвыканкама А.У. Машэўскі.
– Настаўнік – гэта вялікая місія. Не пагаджуся з меркаваннем, што прэстыж прафесіі падае. Упэўнены, ніякія суперсучасныя тэхналогіі не заменяць жывога слова настаўніка, – адзначыў ён. Алег Уладзіміравіч уручыў Граматы раённага выканаўчага камітэта лепшым педагогам Г.Г. Рудсон, Н.П. Мішынай, Л.І. Півавар, М.У. Цяцерын.
Сардэчна і шчыра павіншавалі з прафесійным святам сваіх калег начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнава. Яны выказалі словы вялікай удзячнасці за нялёгкую працу, вернасць і адданасць справе, невычэрпны энтузіязм.
Ганаровай граматай Гомельскага аблвыканкама ўзнагароджаны настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі С.В. Бельскі. Акрамя таго, Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама, Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Дыпломам Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагароджаны 13 настаўнікаў раёна.
Музычныя віншаванні даслалі педагогам самадзейныя артысты аддзела культуры райвыканкама.
Алена СМУСЯНОК.