Тутэйшыя: у Дуброве прыгожыя калодзежы — тут яднае сяброўства

Тутэйшыя

Наша чарговая вандроўка па населеных пунктах Хойнікшчыны прыпынілася ў вёсцы Дуброва Алексіцкага сельсавета.

Дваццаць гадоў назад вёску можна было назваць даволі вялікай, тады пражывала тут 77 жыхароў. Цяпер жа гэта ціхая гавань, дзе так лёгка дышацца і так спакойна жывецца. Колькасць мясцовых значна зменшылася, затое людзі жывуць самыя душэўныя.

Першай, з кім пазнаёміліся, была ўраджэнка Дубровы Таццяна Дуброўская. Доўгі час гэта прыемная жанчына пражывае ў Мазыры, але як толькі пачынаецца дачны сезон, імкнецца на малую радзіму – у бацькоўскую хату – і знаходзіцца да самых халадоў. У будынку гаспадыня  разам з мужам Мікалаем Віктаравічам збераглі мэблю – кожнаму аб’екту тут амаль стагоддзе і па сёння сваю ролю выконваюць на выдатна: вялізная дубовая шафа, буфет, нават лаўкі, што бацька рабіў.

На ўваходзе сімвалічна над дзвярыма замацавана падкова – яшчэ ў час нямецкай акупацыі партызаны тут коняў падкоўвалі.

Сфатаграфавалі Таццяну Васільеўну побач з калодзежам. Там спадабаўся яго акуратны выгляд.

– Гэта з сельвыканкама пастаянна прыязджаюць дзяўчаты ўсе нашыя калодзежы фарбаваць. І так прыгожа ў іх атрымліваецца! Дзякуй ім!

У вёсцы знаходзіцца пажарны аварыйна-выратавальны пост № 12 РАНС. Там нясе службу малады вадзіцель Аляксей Філіпчанка. Сам ён родам з вёскі Звяняцкае, літаральна другі тыдзень на гэтым ПАСП нясе службу. Кажа, побач лес і дзікая жывёла выходзіць да населенага пункта – бачылі казулю, трусаў і ласёў.

Некалькі гадоў назад тутэйшымі ў Дуброве сталі муж і жонка Талмачовы. Юрый Інакенцьевіч і Разіят Міхайлаўна прыехалі сюды жыць з аграгарадка Веляцін пасля асабістай трагедыі: у іх сгарэў дом. Зяць параіў выбраць менавіта гэту вёсачку, каб бацькі любімай жонкі бліжэй да іх жылі – сям’я пражывае ў Глінішча.

Гаспадарам іх новае жыллё прыйшлося даспадобы. Ды і суседзі надзвычай прыемныя і чулыя.

Як высветлілася падчас нашай гутаркі, разам з жонкай Юрый Інакенцьевіч родам з Адэсы. У няпростыя 1990-я пераехалі за лепшым жыццём у Беларусь. А спецыяльнасць мужчыны – ветэрынарны ўрач – паспрыяла ў кар’еры. Адказнаму, працаздольнаму і прафесійнаму спецылісту былі рады ў любой гаспадарцы. Працаваў ветурач Талмачоў у Барысаўшчыне, потым у Хойніках, а пазней 19 гадоў – у Веляціне да самай пенсіі. У наступным годзе паважаны Юрый Інакенцьевіч адзначыць 75-годдзе. Але на выгляд яму ніколі столькі не даць: ён з маладосці сочыць за здароўем, разам з жонкай актыўна займаюцца гародам і зберагаюць пазітыўны погляд на жыццё. Разам з каханай выхавалі чацвярых дзяцей, растуць цяпер 11 унукаў.

– Шчаслівы жыць у маёй Дуброве. З першых дзён быццам тут і вырас. Суседзі нам як сябры, вакол прыгажосць і мір. Што ячшэ трэба!

Было прыемна даведацца, што нашы новыя знаёмыя пастаянна выпісваюць раёнку, цікавяцца навінамі і пазнаюць многіх землякоў. Карыстаючыся выпадкам, перадаем сям’і Талмачовых прывітанне!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *