У мінулую сераду ў аграгарадку Глінішча прайшоў раённы семінар дырэктараў школ на тэму “Школа аграгарадка – цэнтр фарміравання соцыакультурнага асяроддзя вёскі”.
Экскурсію па аграгарадку правяла дырэктар мясцовай школы Г.А. Васяновіч. Галіна Анатольеўна зазначыла, што менавіта дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх суб’ектаў можна прыйсці да станоўчага выніку. Установа адукацыі існуе не сама па сабе. Яе калектыў наладзіў і падтрымлівае цесную сувязь з сельгаспрадпрыемствам, СДК, медустановай, сельвыканкомам, Домам-музеем І.П. Мележа.
Удзельнікі семінара пабывалі ў Алексіцкім сельвыканкоме. Тут вучням школы, дасягнуўшым паўналецця, ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
З цікавасцю наведалі музей пад адкрытым небам “Сядзіба глінішчанскага селяніна”, Дом-музей знакамітага беларускага пісьменніка І.П. Мележа. Яго дырэктару С.П. Ліпніцкай экскурсію дапамагалі праводзіць вучні Глінішчанскай СШ-сада. Гучнымі песнямі і вясёлымі танцамі віталі гасцей работнікі СДК. І тут не абышлося без удзелу школьнікаў.
У актавай зале мясцовай установы адукацыі прайшло ток-шоу “Кім быць?” з мэтай прафарыентацыі вучняў старэйшых класаў і фарміравання ў іх жыццёвага вопыту ва ўмовах аграгарадка. На яго былі запрошаны работнікі КСУП імя Мележа і Глінішчанскай бальніцы сястрынскага догляду. Выступаючыя падкрэслівалі важнасць выбару будучай прафесіі і давалі карысныя парады.
Пры падвядзенні вынікаў семінара адзначалася, што вялікім плюсам у рабоце школы з’яўляецца сумесная работа з соцыакультурнымі ўстановамі аграгарадка. У час абмену думкамі ўдзельнікі семінара-практыкума адзначалі, што пажадана, каб такія мерапрыемствы праводзіліся часцей і менавіта ў такой цікавай форме.
Наталля ЧЭКАН.