На песні багатыя, гледачам радыя

Культура Экономика

dsc_00222Так бадзёра можна сказаць пра артыстаў ансамбля «Песні над Палессем», які з’яўляецца абавязковым удзельнікам святочных мерапрыемстваў у раёне і па-за яго межамі.
Магчыма, многім знаёма пачуццё, калі ад мелодыі па целе ажно дрыжыкі бягуць. Такая, здаецца, незаўважная дэталь, але стварае ўражанне ад выканаўцы. Мацней гэта можна прасачыць на канцэрце з жывым гукам, калі чуеш голас спевака. Тады і ўзнікае такая магія голаса. Нешта падобнае здараецца на канцэртах, дзе выступае вакальны ансамбль Судкоўскага Цэнтра культуры і вольнага часу «Песні над Палессем».
Творчы квінтэт выступае з фальклорным рэпертуарам, выконвае шлягеры мінулых гадоў. Як тут не адгукнуцца гучнымі апладысментамі ў адказ на майстэрскае выкананне любімых народам песень! Кампазіцыі, якія абсалютна дакладна знаходзяць сімпатыю ў гледачоў на розных пляцоўках і ў розных гарадах, складаюць асноўную частку рэпертуара. Але ў запасніках ансамбля – сотні аутэнтычных песень з усіх куточкаў Хойнікшчыны.
Выканаўцы, спевакі – нават гэтымі словамі не перадаецца поўнасцю тая разнастайнасць творчай дзейнасці артыстаў. Кожны з удзельнікаў калектыву – яркая індывідуальнасць, звонкі голас, а разам зліваюцца іх спевы ў шматгалоссе і ахінаюць душы слухачоў.
У арганізаваны ў 2010 годзе вялікім энтузіястам сваёй справы В.М. Церашковым, ансамбль з першай назвай «Судкаўчанка» уваходзілі яркія носьбіты традыцыйнай беларускай культуры: В.Ф. Шмідт, Н.М. Коўзік, А.Я. Сцішанок, Л.У. Садоўская, Г.С. Гушча, Т.П. Серада і інш. Калі да калектыву далучыліся артысты самадзейнасці з Барысаўшчыны, пашыраны ансамбль змяніў назву на «Песні над Палессем». Сапраўды, гучнае шматгалоссе лунала ў час канцэртаў не толькі над самой пляцоўкай, а, быццам, і над усім нашым маляўнічым краем.
Гэтыя людзі сталі цвёрдай асновай паспяховага творчага калектыву і вялікімі знаўцамі беларускай песні. Дзякуючы ведам гэтых улюбёных у музыку людзей, сёння адна з артыстаў цяперашняга саставу ансамбля «Песні над Палессем», Наталля Аляксандраўна Пляско сабрала і запісала больш за 200 старадаўніх кампазіцый. Іх і зараз выконваюць сталыя наведвальнікі творчых заняткаў па інтарэсах Барысаўшчанскага сельскага Дома культуры «Спявай, душа!». За 20 гадоў дзейнасці музычнага гуртка скарбонка лірычных і жартоўных куплетаў значна папоўнілася.
Сёння зладжаную групу спевакоў ансамбля «Песні над Палессем» узначальвае маладая і актыўная творчая асоба Вікторыя Літвін. У дыялогу з кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама знаходзяць артысты паразуменне іх мастацкіх запатрабаванняў, што немалаважна для такіх творчых людзей.
Дзейнасць ансамбля шырока запатрабавана і распісана наперад. Спявалі нашы артысты і ў Дзень Незалежнасці, на святкаваннях Дня горада ў Хойніках і Калінкавічах, выступалі на Дні беларускага пісьменства ў Рагачове, прымалі ўдзел у фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», выступалі на адкрытай пляцоўцы абласнога этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Не забываюцца спевакі пра сваіх дарагіх гледачоў на вёсцы – для іхне раз ладзілі канцэрты ў Судкове, да Дня пажылых людзей зрабілі невялікае свята ў Барысаўшчанскім сельскім Доме культуры .

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. 

Фота аўтара.
На здымку: Вікторыя Літвін, Андрэй Балабанаў, Наталля Пляско, Леанід Шут, Вера Вяргейчык.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *