Як жывеш, малады спецыяліст?

Тэрыторыя моладзі

САПРАЎДЫ РАЗНАСТАЙНЫМ ВЫДАЎСЯ ГЭТЫ ТЫДЗЕНЬ ДЛЯ МАЛАДЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ. З НЕКАТОРЫМІ МАЛАДЫМІ РАБОТНІКАМІ АРГАНІЗАЦЫЙ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ НАМ УДАЛОСЯ БЛІЖЭЙ ПАЗНАЁМІЦЦА, ДАВЕДАЛІСЯ АД ІХ ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА ПЕРШАЕ ПРАЦОЎНАЕ МЕСЦА, ЖЫЛЛЁ І МНОГІЯ ДРУГІЯ РЭЧЫ.

dsc_0048Мікалай Какора, электрык КСУП «Веляцін».
У красавіку 2016 года скончыў Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-электрык». Нарадзіўся ў г.п. Тураў Жыткавіцкага раёна. Захапленні: гіравы спорт, лёгкая атлетыка, практыкаванні на гімнастычных брусах і турніку, радыёэлектроніка: камп’ютары, планшэты, мабільныя тэлефоны. У Хойніцкім раёне ўпершыню, да работы прыступіў 1 мая 2016 г.
– У сельгаспрадпрыемстве «Веляцін» выконваю абавязкі электрыка. У гаспадарцы мяне сустрэлі прыязна і добразычліва, адразу атрымаў усе належачыя маладому спецыялісту выплаты. Выдзелілі пакой у інтэрнаце, у якім пражываю і зараз разам з такімі ж маладымі спецыялістамі. На рабоце да мяне спачатку ставіліся некалькі насцярожана. І таму па першым часе не давяралі выкананне складаных электратэхнічных работ. Але потым, відаць, зарэкамендаваў сябе нядрэнна і сёння да мяне нават звяртаюцца за парадамі. У асноўным займаюся рамонтам рухавікоў даільных установак, электрарухавікоў іншага абсталявання, рамонтам электраправодкі, а таксама іншай электратэхнікі. Характар работы такі, што пры паломках і аварыях ліквідаваць іх даводзіцца і днём, і ноччу. Але калектыў у нас неблагі і працаваць у «Веляціне», у цэлым, мне падабаецца.

vika-889Андрэй Арцюх, трэнер па барацьбе дзюдо і самба СДЮШАР.
– Захапленне барацьбой дзюдо і самба – справа ўсяго майго жыцця. Гэтымі спартыўнымі адзінаборствамі займаўся з дзяцінства ў трэнера Хойніцкай СДЮШАР Алега Маратавіча Лук’яненкі. Пад яго кіраўніцтвам дабіўся пэўных поспехаў на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Таму і марыў стаць трэнерам па гэтых відах спорту.
У чэрвені бягучага года скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў дыплом па абранай спецыяльнасці. А ўжо ў жніўні прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у якасці трэнера Хойніцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Для заняткаў выдзелілі памяшканне ў будынку гімназіі г. Хойнікі, зрабіў там рамонт, і зараз там у мяне займаюцца 4 дзіцячыя групы ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў.
У рабоце словам і справай выдатна дапамагаюць мне першы трэнер А.М. Лук’яненка і дырэктар СДЮШАР У.М. Бордак, за што ім вялікі дзякуй. 17 верасня ў маім жыцці адбылася значная падзея – ажаніўся. Пакуль што жывём на здымнай кватэры, але абяцаюць новую, уласную – як маладому спецыялісту. Так што сваё будучае і будучае маёй сям’ адназначна бачу толькі ў Хойніках і толькі ў любімай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву.

vika-807Анастасія Шэлюта, урач нарколаг-псіхіятр цэнтральнай раённай бальніцы.
Нарадзілася ў Гомелі, у 2015 годзе скончыла медыка-псіхалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Пасля на працягу года праходзіла інтэрнатуру ў Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Са жніўня 2016 г. – нарколаг-псіхіятр Хойніцкай ЦРБ.
– У калектыве райбальніцы мяне сустрэлі вельмі добразычліва і гасцінна. Адразу атрымала ўсе выплаты, жыву пакуль што на здымнай кватэры, але абяцаюць уласную ў новым доме, які ўзводзіцца каля магазіна «Еўраопт».
Для работы ў Хойніках кіраўніцтва райбальніцы стварыла мне ўсе ўмовы. Вельмі дапамагае сваімі парадамі і ў жыцці, і ў прафесійнай дзейнасці мая медсястра Ірына Пятроўна Малянок.
А яшчэ выпадкова знайшла, чым заняць вольны час. Некалі ў дзяцінстве вельмі любіла танцаваць, а неяк, пабываўшы ў цэнтры культуры г. Хойнікі, стала ўдзельніцай танцавальнага калектыву пад кіраўніцтвам А.В. Ляснічай. Так нечакана захапленне дзяцінства знайшло свой працяг у Хойніках, і зараз аддаю яму ўвесь свой вольны час.
Што будзе далей? Загадваць не буду, жыццё і час пакажуць…

dsc_0038Крысціна Марыніч, юрысконсульт КСУП «Веляцін».
Дзяўчына родам з Калінкавіч, працуе вось ужо трэці месяц. Па размеркаванню прыбыла са Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Малады спецыяліст падзялілася, што першы месяц работы атрымаўся асабліва цяжкім – няпроста было ўвайсці ў курс усіх спраў, з гэтым дапамагаў справіцца калектыў. Але ж зараз разабралася ў дакументацыі, абжылася ў рабочым кабінеце. Дарэчы, там Крысціна знаходзіцца не адна, а з інспектарам па кадрах Н.І. Беразоўскай, якая вельмі хваліць працоўны энтузіязм маладога спецыяліста. Цяпер без праблем дзяўчына афармляе загады, дагаворы падраду, пераводы пазыкі, аказанне транспартных паслуг і г.д. Зараз Крысціна рыхтуеццца да нялёгкага працэсу: адстойваць у судзе інтарэсы работніка сельгаспрадпрыемства «Веляцін».
Акрамя таго, Крысціна завочна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Судова-пракурорская следчая дзейнасць». У дальнейшым плануе працаваць у міліцыі.
Крысціне на час працы выдзялілі інтэрнат у аграгарадку Веляцін. Дзяўчына задаволена тым, што работа блізка знаходзіцца.

dsc_0033Дзмітрый Палівач, настаўнік фізікі і інфарматыкі Віцьеўскай СШ.
Размеркаваўся пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Малады чалавек жыве ў вёсцы Казялужжа, на работу даводзіцца дабірацца школьным аўтобусам, у выхадныя дні на веласіпедзе. Не зусім зручна, аднак яго ўсё задавальняе. Дарэчы, на будучыню Дзмітрый перазаключыў новы кантракт тэрмінам на пяць гадоў.
У час размовы малады педагог прызнаўся, што няпроста было заваяваць давер вучняў, яго, нявопытнага «зялёнага» настаўніка, спачатку не ўспрымалі ўсур’ёз. Потым разглядзелі, што ён добры педагог, які вельмі даступна тлумачыць любую тэму сваёй сферы, ды і пачуццё гумару дапамагае ў рабоце. Амаль усе ўрокі арганізаваны ў выглядзе гульні, а такі падыход да дзяцей больш эфектыўны, веды вучні замацоўваюць больш удала.
Дырэктар Віцьеўскай сярэдняй школы Вера Рыгораўна Сцішанок задаволена маладым педагогам, гаворыць, паболей бы такіх спецыялістаў, працаздольных і ініцыятыўных.

vika-803Алена Семчанка, урач-фтызіятр цэнтральнай раённай бальніцы.
Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта да абавязкаў урача-фтызіятра ў нашай раённай паліклініцы прыступіла Алена Семчанка. І хаця працуе ўсяго некалькі месяцаў, паспела зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку.
Сама яна родам з Гомеля, аднак Хойнікі ёй падабаюцца не менш, таму што горад прыгожы і ўтульны, а работа – яна ўсуды аднолькавая, са сваімі складанасцямі і радасцямі, пацыентамі з рознымі характарамі і настроем.
Малады ўрач падзялілася, што ў калектыве Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы яе сустрэлі добра, ва ўсім дапамагаюць, растлумачваюць, калі нешта незразумела або нязвычна. На тое, што часам складана (адбіваецца спецыфіка работы ўрача-фтызіятра), Алена не скардзіцца, растлумачваючы гэта тым, што ведала, калі паступала ў медуніверсітэт, што лёгка не будзе. Аднак складанасці загартоўваюць характар, і ўрача гэтыя складанасці таксама загартоўваць.

Падрыхтавалі Віктар НАЗАРАНКА, Вікторыя МАРОЗ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *