Сёння ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна прайшоў VIII Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Удзел там прынялі і хайнічане.
Першым ацаніць размах свята прыехаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
– Фестываль стартаваў у 2010 годзе і аграгарадок Ляскавічы сустрэў свята ўжо ў восьмы раз. З кожным годам падзея становіцца больш яскравай – прэзентуюцца найлепшыя скарбы нашых традыцый і сучаснага турызму. Асаблівасць яго ў тым, што мы шануем сваю культуру, нашы традыцыі. Збіраем па крупінках нашы слаўныя традыцыі і тут, на фестывалі, дэманструем іх маладым пакаленням. Бо ў гэтым нашая краіна, наша адзінства. Усё гэта варта захоўваць і перадаваць нашай моладзі, – адзначыў губернатар Гомельшчыны.
На галоўнай сцэне этнафестывалю «Кліч Палесся» адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Яе ўдзельнікамі сталі дэлегацыі раёнаў. Абавязкова прыехалі падтрымаць сваіх землякоў старшыня Хойніцкага райвыканкама Анатолій Бандарэнка і намеснік старшыні Сяргей Кушнер.
«Хто русалку водзіць, у таго капуста родзіць» – хойніцкі падворак прыцягваў погляды сотняў наведвальнікаў этнафестывалю «Кліч Палесся».
І нядзіўна: у 2016 годзе абрад «Провады Русалкі» заняў годнае месца ў спісе нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі. А жыхары аграгарадка Вялікі Бор працягваюць пасля Тройцы збірацца і вадзіць русалачку – дзеля добрага ўраджаю.
Менавіта гэты русальны абрад убачылі і ганаровыя госці на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігарам Пятрышэнкам.
Паляшукі ўмеюць здзівіць. Напрыклад, бязмежнай нашай беларускай гасціннасцю і хлебасольнасцю, якія яскрава паказаны на фестывалі этнатрадыцый «Кліч Палесся». Было проста немагчыма прайсці міма сталоў з нашымі народными пачастункамі. На хойніцкім падворку асаблівае месца знайшлося для прэзентацыі мёда з Палескага запаведніка.
Вядома, хайнічане прывезлі свае знакамітыя «грыбкі па-хойніцкі»! Ды і іншыя раёны не з пустымі рукамі прыехалі.
Сярод нацыянальных дэлікатэсаў і палескія абярэгі, каб нішто апетыт не сапсавала.
Працэнт прыгажосці на фестывалі проста зашкальваў! На галоўнай сцэне адбыўся рэгіянальны конкурс прыгажосці і грацыі «Палеская прыгажуня». У ліку 13 таленавітых дзяўчат з Гомельскай і Брэсцкай абласцей і наша зямлячка Кіра Чарненка – творчая, яркая і, несумненна, абаяльная. І хаця ў лік пераможніц хойніцкая прыгажуня не трапіла, усё ж годна прадставіла малую радзіму.
Кульмінацыяй свята стаў Гала-канцэрт з цырымоніяй узнагароджання. Не застаўся без увагі Хойніцкі раён. За плённую дзейнасць па папулярызацыі і развіцці духоўнай культуры і беларускай міфалогіі Хойнікшчына ўзнагароджана Дыпломам міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Ганаровую місію — прыняць высокую ўзнагароду – выканаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер. Дыплом уручыў губернатар Гомельшчыны Іван Крупко.
Ганарымся малой радзімай і яе славутымі жыхарамі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота Ларысы КАПЫЛОВАЙ.