З пачатку 2010 года супрацоўнікі органаў унутраных спраў займаліся вышукам 54 чалавек у лясных масівах Гомельскай вобласці. З іх шасцёра так і не ўдалося адшукаць. Акрамя таго, на вялікі жаль, знойдзены астанкі 16 целаў. Гэта толькі лічбы, якія датычаць знікнення людзей у лясных масівах, а ўсяго за 9 месяцаў года ў вобласці лічацца без вестак прапаўшымі 492 чалавекі.
Прапаўшых можна падзяліць на некалькі катэгорый. Першая з іх – людзі, падвержаныя старэчаму слабарозуму, другая – грыбнікі, якія заблудзіліся ў лясным гушчары і не змаглі з яго выбрацца. Трэцяя катэгорыя – асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, пад іх уздзеяннем яны могуць аказацца не толькі ў лесе, але і ў іншай мясцовасці. Часта знікаюць дзеці з неспрыяльных сем’яў і псіхічна хворыя асобы, за якімі патрэбен асаблівы кантроль з боку родных і блізкіх.
Прапануем некалькі парад, якія могуць аказацца карыснымі ў экстрэмальнай сітуацыі. Калі вы сабраліся ў лес, захапіце з сабой мабільны тэлефон – магчыма, пры яго дапамозе вы зможаце ўказаць сваё месца знаходжання. Дрэнна сябе адчуваеце? Адкладзіце на іншы час паход за грыбамі. Для наведвання незнаёмага для вас ляснога масіву лепш узяць з сабой спадарожніка, якому гэтыя мясціны добра вядомы.
Калі збіраеце грыбы, не варта аддаляцца ад асноўнай кампаніі на вялікія адлегласці. Знаходзячыся непадалёку ад лесу, уважліва сачыце за дзецьмі і псіхічна нездаровымі людзьмі, калі такія ёсць у сем’ях. Памятайце, што чалавечае жыццё – найвышэйшая каштоўнасць на зямлі.
А. ДЗЕГЦЯРОЎ, начальнік аддзела вышуковай работы УУС Гомельскага аблвыканкама.