Карысныя змены ў харчаванні школьнікаў і дашкольнікаў абмяркоўвалі на пасяджэнні раённага савета па харчаванню.
На базе трэцяй сярэдняй школы прайшоў раённы семінар «Арганізацыя харчавання навучэнцаў школ, гімназіі, выхаванцаў дашкольных устаноў, выкананне санітарна-гігіенічных нормаў». У яго рабоце прынялі ўдзел спецыяліст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі М.Б. Нікіценка, спецыяліст па харчаванню аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама З.В. Пятрэнка, начальнік негасразліковага грамхарчу райпо А.І. Семянчук, галоўны тэхнолаг А.М. Вінічэнка.
Вельмі важна, каб дзіцячае меню было разнастайным, якасным, утрымлівала неабходную колькасць карысных рэчываў, бо ад гэтага залежыць здароўе дашкольнікаў і школьнікаў. Станоўчым прыкладам добра пастаўленай работы з’яўляецца сталовая сярэдняй школы № 3. Адна з самых вялікіх у раёне, тут па рабочых днях кормяць больш за 700 вучняў. Кіруе адказным працэсам старшы повар райпо В.А. Ермакова.
– Наш працоўны дзень часам пачынаецца з 6 гадзіны ранку – гатуем для дзетак кандытарскія вырабы, імкнемся зрабіць меню больш багатым на розныя віды страў, – расказвае Валянціна Арцёмаўна. – Уявіце, колькі старання і часу трэба было прыкласці раней нашым поварам, каб ачысціць бульбу, а зараз гэту работу выконваюць два электрычных апарата. Істотна палегчылі работу і посудамыечныя машыны. Дзякуючы гэтаму абсталяванню хутка і якасна мыецца посуд, там жа ён і дэзінфіцыруецца парай. Працуе наша сталовая па 2-тыднёваму прыкладнаму меню. У абавязковым рацыёне школьнікаў – свежая гародніна, садавіна, разнастайныя сокі. Для нашых рабят стараюцца 3 повары і 3 куханныя работніцы. Ім вялікі дзякуй за нялёгкую працу.
Як вядома, апетыт залежыць у тым ліку ад растаноўкі і выгляду ежы. Прыклады святочнай сервіроўкі падрыхтавалі для семінара педагогі і навучэнцы школы і работнік цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Тагай. Тут і стол для дзіцячага дня нараджэння, набор для чаяпіцця, а таксама рамантычны куточак у сімвалічных для гэтага чырвоных і белых колерах.
Далей экскурсія прывяла ўдзельнікаў семінара да стала, дзе навучэнкі рабілі з садавіны дзіўныя ўпрыгожванні: кошык з арбуза, каляровыя «салодкія шашлыкі», выявы птушак са звычайнага яблыка. Такія ўменні дзяўчаты атрымліваюць на ўроках працоўнага навучання ў Н.І. Сцішанок.
На семінары размова ішла пра выкарыстанне сучасных тэхналогій у школьным харчаванні. Трэнд сезона – інтэрнет-меню для навучэнцаў. Як адзначыла в.а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.В. Назарава, у будучым кожная школа павінна апрабаваць такі спосаб планавання абедаў па прынцыпу папярэдняй замовы для дзяцей, які з поспехам ужо выкарыстоўваецца ў старшых класах гімназіі г. Хойнікі.
Карысным для сабраўшыхся стала знаёмства з вопытам па ўкараненню новых форм арганізацыі харчавання, такіх, як элементы «шведскага стала», дні беларускай кухні, замова страў «сёння на заўтра», якім падзяліліся дырэктар СШ № 3 С.М. Зубок і дырэктар гімназіі г. Хойнікі Л.В. Лабада.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.