Па гэты бок Чарнобыля

Пад знакам Чарнобыля

img_6643На гэтым тыдні ў нашым раёне працавалі фатографы з ЗША і Польшчы.

Амерыканскі рэжысёр-фатограф Філіп Гросман і яго польскі калега Аркадзіуш Паднясінскі наведалі перш-наперш краязнаўчы музей, дзе агледзелі экспазіцыю залы «Трагедыя Чарнобыля», пазнаёміліся і запісалі інтэрв’ю з ліквідатарамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – хайнічанамі У.Я. Піваваравым, М.М. Міхайлоўскім і В.С. Васькевічам. У суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай замежныя госці ўсклалі кветкі да помніку Смутку ў памяць пра трагічныя падзеі, наведалі Пудакоўскі МТК КСУП «Веляцін», пабывалі на Палескім вытворчым участаку ААТ «Мілкавіта». Цэлы дзень фатографы правялі таксама ў запаведніку, каб у дробязях адлюстраваць выгляд адселеных вёсак.
Амерыканскі фатограф і рэжысёр Філіп Гросман даўно цікавіцца тэмай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэтаму «спрыяла» дзяцінства, праведзенае ў штаце Пенсільванія, дзе ў 1979 годзе таксама здарылася аварыя на атамнай электрастанцыі.
Неаднаразова Ф. Гросман прыязджаў у Прыпяць, атрымалася ў яго пабываць і каля пульта кіравання чацвёртага блока. Фатаграфіі і дакументальны фільм дэманстраваліся на шматлікіх выстаўках у ЗША. Зараз спецыяліста цікавіць, як жывецца беларусам, так бы мовіць, па гэты бок Чарнобыля.
Цікавая асоба польскага фатографа А. Паднясінскага, які працуе над стварэннем фотаальбома пра трагедыю на Чарнобыльскай і Фукусімскай АЭС, дзе ён пабываў некалькі разоў. Як і ў Чарнобылі, катастрофа ў Фукусіме стала вынікам «чалавечага фактара». Па задуме аўтара, кніга фотаздымкаў будзе падзелена на дзве часткі, прадмовы да кожнай з іх напішуць былы віцэ-прэм’ер Японіі Ёсіхіка Нода і прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў. Менавіта ў час, калі кожны з палітыкаў займаў адказную пасаду, і здарыліся моцныя тэхнагенныя катастрофы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *