Раней 31-е аддзяленне цэнтра банкаўскіх паслуг № 326 філіяла № 300 Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” знаходзілася на тэрыторыі рынку “Юбілейны” ў арандуемым памяшканні. Літаральна за некалькі месяцаў на перакрыжаванні вуліц Калесніка і Лермантава каля рынку вырас новы прыгожы будынак. З 15 жніўня будаўнікі таварыства з дадатковай адказнасцю “ВіктарСлавія” прыступілі да аддзелачных работ і добраўпарадкавання прылягаючай тэрыторыі. А на гэтым тыдні, у аўторак, работнікі аддзялення справілі наваселле.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел і выступілі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан, начальнік філіяла № 300 Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Т.Л. Міхайлоўская, а таксама дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 326 Г.В. Аніскавец і дырэктар ТДА “ВіктарСлавія” В.М. Піскуноў. Работнікі аддзялення, калектыў якіх узначальвае А.Ю. Белаус, можа аказваць да 50 відаў банкаўскіх паслуг. Першым кліентам, якія ў той дзень прыйшлі ў аддзяленне, яны ўручылі памятныя сувеніры.
Кошт будаўніча-мантажных работ новага памяшкання – 680 мільёнаў рублёў, на абсталяванне затрачана каля 150 мільёнаў. Тут прасторна, прыгожа і ўтульна, як адзначылі першыя наведвальнікі.
Уладзімір СЯМЕНАУ.