Вялікі юбілей малой радзімы

Рэха падзеі

dsc_0021У снежні споўніцца 90 гадоў з дня ўтварэння нашага раёна. Афіцыйнай датай гэтай падзеі лічыцца 8 снежня. Але некаторыя гісторыкі таксама небеспадстаўна мяркуюць, што наш раён быў утвораны 18 снежня. Запіс аб гэтым можна знайсці і на 18-й старонцы ў кнізе «Памяць. Хойніцкі раён», падрыхтаванай выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі ў 1993 годзе.

Каб праясніць гэта пытанне, рэдакцыя раённай газеты адпраўляла запыт у Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. У атрыманым адказе даслоўна напісана: «Постановлением ЦИК и СНК БССР «О присоединении к БССР Речицкого и Гомельского уездов бывшей Гомельской губернии РСФСР» от 8 декабря 1926 г. «все… волостные исполнительные комитеты бывших Гомельского и Речицкого уездов преобразовываются в районные исполнительные комитеты Гомельского и Речицкого округов БССР и продолжают работать на занимаемых ими ныне территориях». Согласно данному постановлению на месте Хойникской волости был образован Хойникский район».   

Але сёння не на гэтым моманце хацелася б завастрыць увагу, а парадавацца за Хойнікшчыну. Раён наш чым дарослей становіцца, тым больш маладзее, прыгажэе. Разрастаецца мікрараён «Юбілейны», новыя прыватныя дамы будуюцца для маладых сем’яў, маладых спецыялістаў не толькі ў Хойніках, але і ў сельскіх населеных пунктах. Старыя ж хаты, якія аджылі сваё, усё радзей пазіраюць сваімі пустымі чорнымі акенцамі – актыўна зносяцца. І самае галоўнае – сёлета ўпершыню за многія апошнія дзесяцігоддзі колькасць нараджэнняў перавысіла колькасць смерцяў у нашым раёне.

Падняўся з каленяў, распрастаў плечы і горда ўзняў галаву наш раён і пасля Вялікай Айчыннай вайны, і пасля радыяцыйнага чарнобыльскага рэха. І ўсё гэта – заслуга яго жыхароў розных пакаленняў. Слаўныя людзі – слаўны раён.

З юбілеем, Хойнікшчына, з юбілеем, хайнічане!  

Ірына Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *