Раённай газеце — 85 гадоў

Экономика

tyqqs6viysqСёння нашай раённай газеце споўнілася 85 гадоў – юбілей, а дзён нараджэнняў у яе было больш за 10700!
Увесь гэты працяглы час яна – вялікае люстэрка, у якім адлюстроўваецца жыццё раёна, яго жыхароў. Яна – гучнае рэха розных падзей, якія датычаць Хойнікшчыны. Яна – яркі ліхтарык, які высвечвае праблемы жыццядзейнасці, грамадскую думку. А ў цэлым, калі наш раён лічыць адной вялікай дружнай сям’ёй, то раённая газета – гэта яе стары, добры сямейны альбом, яе летапіс з вялікай колькасцю пажаўцелых старонак у падшыўках.
Яны ствараюцца няспынна, ціха шалясцелі нават калі ішла Вялікая Айчынная вайна. Раённая газета выдавалася ў падполлі, нагадвала баявы лісток і называлася ў той цяжкі перыяд ва ўнісон з патрыятычным вызваляльным ад ворага заклікам «За Радзіму». Была ў яе гісторыі і назва «Новы шлях», але большасць чытачоў памятаюць, напэўна, самае доўгажывучае імя – «Ленінскі сцяг». Час ідзе, усё паступова мяняецца да лепшага.
З сярэдзіны 2009 года раёнку клічуць па-новаму, больш універсальна – «Хойніцкія навіны». Яна расцвіла ў розных колерах друку, прырасла старонкамі ў аб’ёме і сваім сайтам у Інтэрнэце. Словам, стараецца быць больш стыльнай, сучаснай, каб на кожным спатканні з чытачамі ўражваць іх, падабацца ім.
За гэтымі словамі крыецца агромністая праца ўсіх саставаў работнікаў рэдакцыі: дакладны рытм, тэрміновасць заданняў, бяссонныя ночы, паспешныя паведамленні ў нумар, жалезная абмежаванасць часу, пошук дакладных думак і фраз, палёт фантазіі на вёрстцы… Увогуле больш за 100 чалавек працавалі на рэдакцыйнай «кухні», уключаючы і пазаштатных аўтараў, і штат мясцовай друкарні, дзе ў 80-90-я гады выпускалі раёнку.
У ліку былых кіраўнікоў рэдакцыі 10 чалавек: М. Іофе, А. Чэкатоўскі, С. Багданаў, І. Вяршынская, Р. Рутман, Л. Волкава, У. Зарэцкі, У. Гулевіч, А. Сакун, У. Далгалычанка – сапраўдныя энтузіясты і майстры сваёй справы. Узгадаць усіх, хто працаваў адной творчай камандай з імі, складана. Сёлета выйшлі на заслужаны адпачынак работніцы, якія за ўсё працоўнае жыццё зрадніліся з газетай – Клаўдзія Босак і Надзежда Ходас. Кожны ўносіў свой адметны пасільны ўклад у нараджэнне газеты, іх старанні і намаганні, як і мінулыя гады, спрасаваны ў падшыўках газеты.
Сёння калектыў раённай газеты налічвае 12 чалавек.

Восьмы год узначальваю калектыў раёнкі я – Ірына Лукашэнка. Шчыра люблю і цаню сваю работу. Хаця ад імклівага кругазвароту пошуку новых тэм, шляхоў іх падачы і раскрыцця, рэдагавання і напісання матэрыялаў, выпраўлення памылак, нарад, селектараў і пасяджэнняў, удзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах раёна, рабоце розных камісій, суправаджэнні дэлегацый мой рабочы дзень часцей за ўсё падобны на гарачы вулкан падзей. Затое якая радасць, калі ў выніку публікацыя «зачапіла» струны душы чытачоў, асела ў памяці, падштурхнула задумацца над узнятай тэмай, калі фотаздымкі па кантрасту і адценнях колераў атрымліваюцца якасныя, цудоўныя, а не чорна-чырвоныя плямы замест твараў людзей, як бывае пасля выхаду з друкарні, калі падпісчыкі не забываюць прадоўжыць сяброўства з газетай, калі ўсе нумары раёнкі, як гарачыя піражкі, раскупляюцца ў кіёсках «Саюздруку», калі не праскочыць, як «шальная пуля» якая-небудзь памылка…

img_9522Маім намеснікам з’яўляецца Вольга Белаш. Карпатлівая работа з пазаштатнымі аўтарамі, адбор іх вершаваных радкоў на літаратурную старонку і напісанне сваіх, вядзенне пытанняў тэхнікі бяспекі ў нашай установе, арганізацыя падпіскі, дэпутацкая дзейнасць, сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі – гэтую і іншую работу ёй даводзіцца сумяшчаць з асноўнай журналісцкай. А яшчэ яна майстар на ўсе рукі – ніткі, бісер, папера, гузікі, рэшткі тканіны – усё прыменіць для цудоўнай падзелкі. І сваімі карыснымі парадамі, ідэямі дзеліцца з чытачамі ў рубрыцы «Творчая майстэрня», што часта размяшчаецца на апошняй 16-й старонцы.

wrfimwsrsdyАдказны сакратар – крэатыўная Наталля Чэкан, яна фантаніруе ідэямі па тэматыцы матэрыялаў, фотаздымкаў, вёрстцы. Адна з апошніх рэалізаваных задум – праект «50 пытанняў», прычым заўсёды розных, вось і «ламае» галаву над іх падборам. Трэці год не здаецца, прабівае чытачоў на слязінкі замілавання сваімі вандроўкамі па маланаселеных пунктах раёна, дзякуючы праекту «Вёсачка мая». Умее разгаварыць самых «закрытых» людзей, сфатаграфаваць тых, хто сто разоў адмовіць ў гэтым, у пошуку за добрым фотакадрам, не лянуючыся, можа «паляваць» дзень і ноч. Прычым, каб размясціць у газету толькі адзін, зробіць іх тысячу на выбар. Як і раней, калі была карэспандэнтам сельгасаддзела, яна і цяпер са шчырым захапленнем у гумавых ботах, ватоўцы па сезону «прападае» на палях і фермах раёна.

dsc_0004Умудроны вопытам, загадчык сельга-саддзела Віктар Назаранка, вядомы чытачам як профі ў падачы і раскрыцці самых розных тэм, як майстар вобразных глыбокіх метафар і параўнанняў. Гэта ўменне, памножанае на цудоўную памяць, дамагае яму напаўняць душэўнасцю матэрыялы пад стартаваўшай сёлета ў нашай газеце рубрыкай «Нагадала старая фатаграфія». І яшчэ, безумоўна, няма яму роўных у рэдакцыі ў веданні дэталяў пры напісанні спартыўных паведамленняў, камен-тарыяў. З захапленнем сам як аналітык піша на гэту тэму і кансультуе ўсіх творчых работнікаў рэдакцыі. Акрамя таго, ён – выратавальны круг, калі трэба трапны вершаваны подпіс да якога-небудзь здымка ў імгненне вока напісаць.

img_9419Лёгкая на пад’ём, безадмоўная ў розных просьбах па нашай рознапланавай рабоце Алеся Ячычэнка ўзначальвае аддзел пісьмаў. Яна, як хуткая дапамога, заўсёды гатова выехаць па раёну на тэрміновае заданне, каб унікнуць і разабрацца па крытычнаму сігналу жыхароў раёна. Прычым можа знаходзіцца практычна ў некалькіх месцах амаль адначасова. У дадзеным кантэксце да яе прымяняльныя словы «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц». Пры гэтым зорка высочвае адрасы парадку на зямлі і, не шкадуючы добрых друкаваных слоў, заслужана нахвальвае такіх гаспадароў і іх старанні. Часта забягае на пошту не толькі правесці дзень падпісчыка, але і адправіць паштоўкі адрасатам у розныя краіны свету, якія, як і яна, захапляюцца посткросінгам.

img_9425Карэспандэнт Алена Смусянок стараецца ажывіць навінамі не толькі кожны нумар газеты, але і наш сайт, а іх жа не так лёгка раздабыць. Як правіла, напачатку ёсць толькі пару ключавых слоў, мінімальная колькасць зачэпак, але дзякуючы яе ўменню дастукацца нават у тыя дзверы, што не жадаюць адчыняць, дазваніцца на тыя тэлефоны, якія не хочуць адказваць, чытачы маюць магчымасць знаёміцца з інфармацыяй не па чутках, а аўтарытэтна. Да таго ж, яна паспяхова сумяшчае работу ў рэдакцыі і вучобу па профілю – у Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

dsc_0018За камп’ютарамі па-майстэрску рэалізуюць усе задумы па вёрстцы газетных старонак аператары Галіна Шылун з 20-гадовым стажам, якая адначасова з’яўляецца ў нашай установе старшынёй праф-кама, і Ганна Савянок. Шматлікія шрыфты, рамачкі, тэматычныя карцінкі і букеты кветак для суправаджэння тэкстаў… – адшукваць іх у памяці камп’ютара, Інтэрнэце, а затым размяшчаць на старонках даводзіцца ім бясконца, так, што нярэдка мільгаціць у вачах.

img_9449А часам бывае, што гатовыя матэрыялы здымаюцца перад самай адпраўкай газеты ў друк, замяняюцца іншымі, і тады яны ратуюць сітуацыю – выконваюць работу з трайной хуткасцю. А яшчэ аператары ў запытах пастаянных рэкламадаўцаў арыен-туюцца, як рыба ў вадзе: памятаюць і дату, і месца выхаду іх папярэдняй рэкламы, у выніку чаго значна палягчаецца абслугоўванне кліентаў.

img_9496УАЗікі, Лада-ВАЗ, а сёлета плануецца набыць у рэдакцыю за бюджэтныя грошы новы аўтамабіль «Джылі». Службовы транспарт мяняецца праз 8 гадоў у рэдакцыі, а іх вадзіцель – пастаянны амаль 20 гадоў. Гэта Сяргей Казмярчук, ён ведае ў раёне ўсе самыя кароткія патаемныя сцежкі-дарожкі.

img_9471А з Аленай Котчанка асацыіруецца не толькі чысціня і парадак у нашай установе, але і шчырае частаванне калектыву смачнай садавінай і агароднінай са свайго агароду, які ў нас за агароджай, а таксама гумар і бадзёры настрой – як трапны стрэл яны, калі хмары згушчаюцца ў мікраклімаце калектыву.

img_9435Летась папоўніла наш калектыў малады спецыяліст, карэспандэнт Вікторыя Мароз. І хаця яна яшчэ праходзіць школу маладога байца, але ёй даверана вядзенне новай рубрыкі «Ідуць гады» – прасочванне лёсу тых людзей, пра заслугі і старанні якіх некалі расказвалі ў раёнцы. І гартаць ёй даводзіцца нямала пажаўцелых старонак, падшыўкі ж раёнкі захаваліся ў рэдакцыі з 1951 года.

irina-pavlenkoТолькі тры месяцы працуе новы галоўны бухгалтар Ірына Паўленка, але стараецца – спраўляецца.

У нас дастойныя ўмовы працы. Асноўны рамонт кабінетаў, якія арандуем у КПУП «Паліграф» па вул. Савецкай, 50а, правялі да Дня беларускага пісьменства, які святкаваўся ў Хойніках у 2010 годзе. У дапамогу па падрыхтоўцы газеты ў друк сучасная тэхніка. А самы вялікі плюс у рабоце – гэта тое, што ўсе мы ўлюблёныя ў сваю прафесію, як кажуць, з кожным можна ісці ў разведку. Менавіта такія адносіны ўзвышаюць нашу працу да калектыўнай творчасці. І з гадамі, вобразна кажучы, у нас выпрацавалася свая сістэма дыхання: у пятніцу пасля адпраўкі газеты па электроннай пошце ў гомельскую друкарню – агульны выдах, у панядзелак – удых, і так кожны тыдзень – на адным дыханні.

Віншую свой паважаны калектыў і ўсіх, хто дапамагае нам рыхтаваць, чытае і дастаўляе нашу газету, з 85-гадовым юбілеем з дня яе першага выхаду. Асобнае дзякуй за супрацоўніцтва нашым вопытным староннім аўтарам Л. Краўчанка, Н. Залеўскай, М. Блішчу. Жадаю ўсім толькі добрых хойніцкіх навін, добрага настрою і такога ж добрага здароўя на кожны дзень.

З павагай, галоўны рэдактар Ірына Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *