Благавешчанне – гэта адзін з вялікіх двунадзесятых хрысціянскіх свят. У гэты дзень (7 красавіка) архангел Гаўрыіл быў пасланы да Дзевы Марыі з весткай аб тым, што яна народзіць сына па імені Іісус, які будзе Вялікі і назавецца Сынам Усявышняга, і Царству Яго не будзе канца.
Строга забараняюцца на Благавешчанне забавы, гулянні, нельга ладзіць святочныя застоллі, запрашаць гасцей. У гэты дзень нельга працаваць, апранаць новае адзенне (інакш яго парвеш або сапсуеш). У народзе гавораць: “Як Пакрова ўжо не восень, так і Благавешчанне ўжо не зіма”.
Дрэнным знакам было на Благавешчанне пазычаць: хто ў Благавешчанне аддаў нешта з дому, той аддаў спакой і здароўе. “Як Благавешчанне правядзеш, так і жыць будзеш цэлы год. Калі ў гэты дзень будзеш здаровы, накормлены, апрануты, абуты і з грашамі, то ўсё гэта не перавядзецца на працягу года” – сцвярджае народная мудрасць. Прыкмячалі: калі на Благавешчанне курыца або гусь знясе яйка, то з яго вылупіцца калека або вырадак. Вось чаму ў гэты дзень не саджалі птушак на яйкі.
У Беларусі паўсюдна лічылі гэты дзень святам прылёту буслоў. Абавязкова выпякалі пшанічныя піражкі ў выглядзе лапы бусла. Пашчасціць таму, хто пабачыць ранняй вясной першага бусла. А яшчэ лічылася, калі спаць у дзень Благавешчанне, то праспіш грыбы летам і восенню.
Падрыхтавала Л. СМОЛЬСКАЯ, метадыст раённага Дома культуры.