Тутэйшыя: у Звяняцкім хутка Багуслаў – тут жыве самая шчаслівая сям’я

Тутэйшыя

Нават і не ведаю, як падзячыць старшыні Паселіцкага сельвыканкама Кацярыне Місючык, якая параіла абавязкова пазнаёміцца з жыхарамі вёскі Звяняцкае.

Сапраўды, на свае вочы пабачыла там людзей асаблівых і пачула ад іх нямала жыццёвых мудрасцяў. Але давайце спачатку.

Ніна Алейнік

Першай, з кім пашчасціла асабіста пагутарыць, стала паважаная Ніна Ульянаўна Алейнік. У мінулым старшыня сельсавета і дырэктар Звеняцкоўскай школы, шаноўная Ніна Ульянаўна яшчэ і душа гэтай вёскі. Доўгі час менавіта яна, вядома, пры падтрымцы землякоў, збірала ўсіх на суботнікі, каб малую радзіму не забываліся прыводзіць да ладу, а яшчэ стала ініцыятарам многіх карысных спраў. І па сёння яна – актыўны і неабыякавы чалавек, які можа павесці за сабой.

Родам мая суразмоўца адсюль – тутэйшая і ёсць. Кіравала тут школай 14 гадоў, а потым (пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС) узначаліла сельсавет. Кажа, што пасады гэтыя ў цэлым падобныя: зносіны з людзьмі і добрае веданне іх праблем яднае. З 1964 па 2002 гады Ніна Ульянаўна яшчэ і абавязкі дэпутата выконвала. Ды і зараз не парывае зносін з народнымі абраннікамі: кажа, гэта ўжо ў характары – быць людзям карыснай.

На заслужаным адпачынку ўсё адно работы не паменшала. Па асабістай жа ініцыятыве паважаная жыхарка Звяняцкага арганізавала «Злёт свайго рода»! На працягу дзесяці гадоў у двары па вул. Савецкая ў вёсцы збіралася некалькі пакаленняў сям’і – адных пляменнікаў за 20 чалавек прыязджалі! Ды і сама Ніна Ульянаўна выхоўвалася ў бацькоў, якія 14 дзяцей нарадзілі. Яна – самая малодшая. Злёт і цяпер праводзяць – традыцыя стала пастаяннай.

Маё любімае пытанне: якое ў вёсцы прастольнае свята?

– Багуслаў! Дарэчы, 9 кастрычніка адзначым, – тут жа адказвае Ніна Ульянаўна. – Раней да нас гасцей прыязджала – і не палічыць. Гаспадыні на стол рыхтавалі хатнія далікатэсы: традыцыйна галубцы, халадзец, наліснікі, варэнікі з творагам, вінегрэт, катлеты і густы кісель. Яшчэ і з сабою давалі ў дарогу. Я на наступным тыдні буду рыхтаваць вячэру – не такую, як раней, але ж.

Іван і Елізавета Заяц

Пакуль размаўляем, ідзем знаёміцца з іншымі тутэйшымі. Муж і жонка Іван Дзмітрыевіч і Елізавета Іванаўна Заяц сёлета адзначылі 68 гадоў сумеснага жыцця. Неверагодна пазітыўныя людзі, абодва кажуць, што яны – самая шчаслівая сям’я. І ніяк інакш. З гэтым цяжка паспрачацца: іх саюз перажыў нямала выпрабаванняў, але пара па сёння адзін аднаго беражэ, гаспадыня мужа шкадуе. Дзмітрыевіч і цяпер упэўнены, што ў маладосці выбраў тую самую! Только ажаніўшыся, Елізавета Іванаўна стала другой матуляй тром малодшым братам свайго мужа, пакуль яе каханы служыў у арміі. Яшчэ і худобу трымала ды агарод садзіла. На дзявятым дзясятку Іванаўна любіць вязаць – якія танюткія карункі атрымліваюцца! Сабе нічога не пакідае – дарыць блізкім.

Як вы памятаеце, тутэйшымі называюць людзей, якія нарадзіліся і жывуць на адным месцы, а тых, хто прыехаў адкульсці, тубельнымі клічуць. Як у выпадку з жыхаркай Звяняцкага Аляксандрай Іванаўнай Корбіт, якая нарадзілася ў Клівах. Усё жыццё яна прысвяціла настаўніцтву – педагога матэматыкі паважаюць усе яе вучні, абавязкова заязджаюць пабачыцца. Ды і дзеці з унукамі жанчыну не забываюць.

Аляксандра Корбіт

Як не забываюць нават і былыя калегі свайго галоўнага агранома – Васілія Іванавіча Разуменку. У 2006 годзе мужчына пайшоў на заслужаны адпачынак з сельгаспрадпрыемства «Веляцін», а пачынаў у калгасе «Бальшавік». Цяпер Васілій Іванавіч жыва цікавіцца ў знаёмых механізатараў, што садзяць, якая ўраджайнасць, радуецца поспехам калектыву.

Васілій Разуменка

Менавіта ў Звяняцкім пачула ад паважаных жыхароў і ў першую чаргу ад самой Ніны Ульянаўны: «У нас кепскіх людзей няма». Веру, бо сама ўпэўнілася ў гэтай вёсцы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *