Захапленні хайнічан: Прынцэса Манака і Дэздэмона – такія сорты руж ёсць у зямлячак

Увлечения хойничан

Жыхары Хойніцкага раёна любяць вырошчваць кветкі. Самыя розныя: ліліі, бягоніі, флоксы. Але сярод неверагоднай разнастайнасці відаў і сортаў першымі да сябе прыкоўваюць погляды, несумненна, ружы.

Сваім вопытам догляду за імі падзяліліся землячкі.

Ганна Шарамела

Пенсіянерка Ганна Піліпаўна Шарамела са Слабажанкі можа пахваліцца 100 сортамі руж. Сярод іх ёсць англійскія і швецкія. Гучаць нават прыгожа: Уільям Шэкспір, Да Вінчы, Прынцэса Манака, Шарлота, Дэздэмона, Афіна, Кімано, Дарвін, Фрауляйн Марыя, Вінчэстэр Кафедрал.

  

«Ружы – сапраўдныя каралевы саду. Яны, зразумела, патрабуюць да сябе вялікага клопату і ўкладання грошай. Таму дочкі мне дапамагаюць у маім захапленні. Займаюцца пасадкай, падразаюць. Кожны год імкнуся абнаўляць свой ружоўнік. Канешне, кветкі важна своечасова паліваць: раз у тыдзень пры цёплым надвор’і, а ў спякоту – праз 4-5 дзён. Абавязкова падкармліваю іх. Менавіта так засцерагаю свае кусты ад розных захворванняў. Важна акуратна рыхліць глебу пасля дажджу, каб карані дыхалі. І не забываю зразаць бутоны, якія адцвілі, каб яны не цягнулі ў сябе сілу з расліны. На зіму ўкрываю карані хвойным ападам. Тады яны маразы лягчэй пераносяць», – распавядае Ганна Піліпаўна.

Ніна Бельская

У Ніны Іванаўны Бельскай з Хойнік ружы ў асноўным чайныя. Жанчына не перастае сачыць за фарміраваннем кустоў:

– Ружы шануюць той час, які я ім надаю. Затым адплочваюць за беражлівыя адносіны і працу сваім цвіценнем. Шчыра кажучы, прыемна назіраць, як распускаюцца бутоны. На душы ажно весялей.

Нашым гераіням у радасць даглядаць капрызныя каралевы. Садаводы адзначаюць, што гэтае хобі дапамагае ім квітнець разам з ружамі. І хай гэта досыць няпросты занятак, але ж ён прыносіць толькі прыемныя эмоцыі і сапраўднае задавальненне.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *