Віртуоз на сцэне

Культура

img_9955У Хойніках выступіў  «залаты акардэон Беларусі» Ігар Квашэвіч.

Канцэрт быў дадзены ў рамках вялікага «Беларусь-тура». Адным з падарункаў гледачам стала прэзентацыя некалькіх песень з трэцяга альбома Ігара Квашэвіча «Поры года».

Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Квашэвіч плануе наведаць з канцэртамі акардэоннай музыкі 120 беларускіх гарадоў. Хойнікі – дваццаць пяты па ліку населены пункт, дзе прагучалі мелодыі лаціна і вальса.

І.Квашэвіч – таленавіты выканаўца цяпер не толькі акардэонных кампазіцый, але і песень свайго аўтарства. Ён не аднойчы станавіўся пераможцай міжнародных і нацыянальных конкурсаў, а 10 гадоў назад стаў першым беларускім акардыяністам, які ўвайшоў у Вышэйшую лігу мэтраў, якая аб’ядноўвае лепшых акардэаністаў свету.

Перад канцэртам Ігар Квашэвіч наведаў дзіцячую школу мастацтваў, дзе прысутнічаў на праслухоўванні юных талентаў. Своеасаблівы майстар-клас ад прафесіянала рабяты прынялі з удзячнасцю. Па словах акардэаніста, а з нядаўняга часу яшчэ і спевака, такія сустрэчы з моладдзю спрыяюць іх развіццю. Ды і жывая гутарка нясе карысць не толькі вучням, але і педагогам.

Да слова, сам Ігар Квашэвіч не спыняе свайго навучання, зараз займаецца ў аспірантуры універсітэта музыкі і тэатра ў Мюнхене (Германія). Сучасны подых акардэоннай музыкі, самыя свежыя тэндэнцыі западных выканаўцаў І. Квашэвіч імкнецца даносіць да сваіх землякоў і шчодра дорыць новыя веды юным акардэаністам.

Артыст па-майстэрску завалодаў увагай слухача.Нядзіўна, што такога госця гледачы не хацелі адпускаць.

 Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *