Гэты год багаты на падзеі ў жыцці сям’і пенсіянераў Зенчанкаў, якая пражывае ў двухпавярховым доме па вуліцы Цітова райцэнтра. 10 чэрвеня свой 70-гадовы юбілей адзначыў галава сям’і Аляксандр Аляксеевіч,
у такі ж дзесяты дзень лістапада роўна столькі ж споўнілася і гаспадыні ўтульнай кватэры – Галіне Іванаўне. А першы дзень снежня наогул стаў знамянальным для ўсіх з гэтай вялікай і дружнай сям’і – яна адзначыла 50 год свайго існавання.
Так, паўстагоддзя таму, 1 снежня 1966 года ў Хойніцкім райвыканкаме быў урачыста зарэгістраваны шлюб паміж трактарыстам Міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (па-руску яе ўсе называлі МСО) Аляксандрам Зенчанкам і рабочай масласырзавода па вуліцы Калініна ў «старых» Хойніках Галінай Жаўняк. Маладая была паходжаннем з мнагадзетнай сям’і (у ёй было 8 дзяцей!) з Казялужжа, якая на пачатку 60-х гадоў перабралася ў райцэнтр. Падобная гісторыя склалася і ў Аляксандра Аляксеевіча – яго бацькоўская сям’я таксама пераехала ў Хойнікі ў пачатку 60-х, толькі з Ліствіна.
Наогул, у лёсах гэтых людзей многа дзіўных супадзенняў: у адзін год нарадзіліся; адначасова перабраліся ў Хойнікі; і ён, і яна па 36 гадоў бездакорна адпрацавалі ў сваіх асноўных арганізацыях: ён – у тым жа МСО, а яна – райспажыўтаварыстве. Так што гэтыя людзі проста не маглі не сустрэцца!
– Нават і сёння добра памятаю месца, дзе тая сустрэча адбылася – насупраць сённяшняга кафэ «Віраж», – смяецца Галіна Іванаўна.
Пасля вяселля нейкі час жылі ў яе бацькоў, пасля – у яго. Потым атрымалі кватэру па вуліцы Партызанскай, нейкі час жылі ва ўласным доме па вуліцы Будзённага, пакуль не аселі ў кватэры па вул. Цітова.
Але дзе б ні жылі – жылі дружна, у згодзе і разуменні, і ўсюды працавалі, працавалі, працавалі… Паднялі на ногі трох дачок, дачакаліся 11 унукаў, так у працы і клопатах і не прыкмецілі як праляцела паўстагоддзя. Ужо і два ўнукі адслужылі, і ўнучка замуж у Маскву выйшла, а таму і «залатое вяселле» стала заслужаным ушанаваннем для дзядулі і бабулі.
Адзначылі яго ў першыя выхадныя снежня ў кватэры віноўнікаў урачыстасці. Сабралася ўся сям’я і родзічы, сябры і суседзі. Як і належыць, была і фата для нявесты, і вясельная кветка для жаніха, і тосты, і здравіцы… Але больш за ўсё было слоў шчырай удзячнасці Галіне Іванаўне і Аляксандру Аляксеевічу за іх нястомныя працавітыя рукі, добрыя і шчырыя сэрцы, за чыстыя і ўзвышаныя душы. З задавальненнем далучаемся да іх.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.