Напэўна, уважлівыя чытачы звыклі, што ў кожнай вандроўцы па нашаму раёну мы запытваем у мясцовых жыхароў: якое свята ў вашай вёсцы прастольнае? Высветлілася, што ў аграгарадку Судкова заўжды шырока адзначалі 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Так здарылася, што гэта дата і супала тут з прастольным святам.
Напярэдадні чарговага чырвонага дня календара рушылі менавіта сюды. Але перад стартам звярнулася да кіраўніка Судкоўскай тэрыторыі – старшыні Судкоўскага сельвыканкама Алены Волчэк. І нездарма! Алена Міхайлаўна з задавальненнем падзялілася, з кім у аграгарадку варта абавязкова пазнаёміцца.
Разам мы прыйшлі да высновы: адной серыяй гэта не завершыцца. Тут жыве столькі унікальных людзей, пра іх можна цэлую кнігу скласці. Дзякуючы працы такіх непаўторных палешукоў калісьці імя саўгаса «Судкова» грымела далёка адсюль. А ветэраны працы з вялікай павагай узгадваюць свайго кіраўніка Мікалая Садчанку, які, дарэчы, зараз – Ганаровы жыхар Судкова.
Першай, каго пабачыла, стала Ганна Васілёнак. Хаця Ганна Іванаўна родам з Мазыршчыны, амаль 30 гадоў жыве ў аграгарадку. Повар па прафесіі, тут працавала даяркай, з саўгаса і на пенсію пайшла. Пэўны час жанчына пражывала ў кватэры без належных камфортных умоў, але дзякуючы неабыякавасці старшыні сельвыканкама, хутка пераедзе ў жыллё з усім патрэбным для годнага пражывання ў такім паважаным узросце. Абаяльная жыхарка не перастае дзякаваць Алене Міхайлаўне і сваёй сацыяльнай работніцы Ірыне Атрошчанка.
Разам з Ірынай Фёдараўнай накіраваліся ў госці да неверагодна сціплай, але такой ветлівай доўгажыхаркі – Кацярыны Сцяпанаўны Вяргейчык. У свае 92 гады (столькі мілай жанчыне споўнілася 1 лістапада) яна, здаецца, такая ж гаварлівая і шчырая, ну як у маладосці. Ніколі б не здагадалася, што жыццё неаднаразова выпрабоўвала яе на трываласць. Кацярына Сцяпанаўна засталася поўнай сіратой, яе вырасціла бабуля, разам спазналі голад і жудасці фашысцкай акупацыі. У 13 гадоў пайшла працаваць, каб зарабіць на ежу. Ніколі не цуралася ніякай работы, за што яе высока цанілі і нават перад пенсіяй прасілі застацца. Ды і жаночы лёс быў нялёгкі. Пра гэта Кацярына Сцяпанаўна і сама кажа з горыччу. Але ж што паробіш. З юнацтва яна звыкла займацца рукадзеллем.
– Бывала, усе пойдуць на перапынак з поля, а я сяду ціхенька і давай вышываць. Ніхто гэтаму спецыяльна не вучыў, сама пазірала ды запамінала, што за чым.
У светлых пакоях гаспадыні вельмі ўтульна: мэбля ўпрыгожана карункамі ручной работы, а колькі вышытых рушнікоў чакае ў шафе – і не палічыць!
З нагоды дня нараджэння доўгажыхарку павіншавала і яе памочніца – тая самая Ірына Атрошчанка. Торт прыгатавала імянінніцы ды букет восеньскіх кветак у гонар свята не забыла – так Ірына Фёдараўна імкнецца падтрымаць не проста падапечную, а сапраўдную сяброўку.
Наталля Мікалаеўна і Рыгор Іванавіч Коўзік
Мы не маглі паехаць з Судкова, пакуль асабіста не пабачымся з неверагодна пазітыўнай парай – мужам і жонкай Коўзік. І Наталля Мікалаеўна, і Рыгор Іванавіч – людзі, так бы мовіць, старой закалкі. Яны з маладосці звыклі цяжка і адказна працаваць, а калі расціць дзяцей – дык такіх жа актыўных і працавітых. У аграгарадку іх ласкава называюць «нашы блогеры»: у Інстаграм і Ціктоку можна пабачыць вясёлыя ролікі, дзе Коўзікі жартуюць і проста жывуць у шчасці і павазе адзін да аднаго. Абодва калісьці пачыналі ў сельскай гаспадарцы, нават на пенсію пайшлі ў адзін год: Іванавіч – з саўгаса «Судкова», а Мікалаеўна – з бібліятэкі. Грамадскае жыццё і цяпер не супыняюць, доўгі час Наталля Коўзік – упаўнаважаная Судкова.
А мы не развітваемся з судкоўцамі, а чакаем наступнай серыі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.