Поспех справы вырашае праца самаадданая, добрасумленная, выніковая. Трэба зрабіць так, каб старанне ўсіх удзельнікаў пасяўной, уключаючы і работнікаў, занятых на так званых дапаможных аперацыях, было абавязкова заўважана і па вартасці ацэнена. Дробязей, другарадных пытанняў тут не можа быць.
Затрымалася цяпло сёлетняй вясной, але гэта не значыць, што можна затрымаць правядзенне работ у полі. Усе ўдзельнікі пасяўной павінны быць нацэлены на аператыўную і якасную працу. Як узор для пераймання тут можа служыць КСУП імя Мележа, дзе хлебаробы аднымі з першых у раёне пачалі работы і ўжо завяршаюць сяўбу яравых збожжавых.
Свой уклад у стварэнне трывалага падмурка будучаму ўраджаю ўносяць ідэалагічныя работнікі, прафсаюзныя актывісты, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак. Ад іх залежыць арганізацыя рабочага дня, дзейснага спаборніцтва, маральнага і матэрыяльнага стымулявання працаўнікоў. Ва ўсіх гаспадарках у канцы мінулага месяца праведзены сходы працоўных калектываў з удзелам адказных работнікаў ад райвыканкома, кіраўнікоў, на якіх гаворка ішла аб умацаванні вытворчай бяспекі і дысцыпліны.
Кожны механізатар, які заняты на веснавых палявых работах, атрымаў папку з матэрыяламі, што падрыхтавалі эканамісты, ідэолагі гаспадарак. У папках змешчаны загад аб правядзенні работ, распісана, якая тэхніка замацавана за тым ці іншым механізатарам, меры па ахове працы, умовы аплаты працы па кожнаму віду работ, нормы выпрацоўкі на той ці іншы агрэгат. Есць пашпартызацыя палёў, г.зн. што і дзе патрэбна сеяць, вытворчая праграма па раслінаводству на бягучы год, нормы ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў і інш. Карацей кажучы, зроблена ўсё для таго, каб людзі ведалі, што яны атрымаюць матэрыяльна і маральна, калі на сумленне будуць выконваць даручаную справу.
У гаспадарках аформлены інфармацыйныя стэнды, на якіх адлюстроўваецца ход пасяўной. Прычым яны знаходзяцца і ў механічных майстэрнях, і ў дыспетчарскіх. Згодна з распрацаванымі ўмовамі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва вынікі яго падводзяцца штодзённа. У гонар перадавікоў уздымаецца флаг працоўнай славы. З першага дня работ у полі выпускаюцца “маланкі” ў КСУПах імя Мележа, “Веляцін”, “Судкова”.
Аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкома распрацаваны і прадстаўлены ў сельгаспрадпрыемствы агітацыйныя матэрыялы, якія ўслаўляюць працу і чалавека працы, нацэльваюць на ўмацаванне дысцыпліны і парадку, здаровы лад жыцця і інш.
Аднак не толькі словам, не толькі заклікамі пабуджаюць чалавека да дзеянняў. Не менш важна стварыць для яго дастойныя ўмовы працы і адпачынку. Усе ўдзельнікі пасяўной забяспечаны спецадзеннем, паўсюдна ёсць пакоі адпачынку. У канцы рабочага дня амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах сейбіты могуць прыняць душ або памыцца ў лазні. Можна сказаць, ідэальныя ўмовы ў гэтым плане створаны для людзей у КСУПах “Веляцін”і імя Мележа, чаго нельга сказаць аб КСУП “Велікаборскі”. А ў агракамбінаце “Віць” душавыя ў запушчаным стане, ніхто і не думаў іх рамантаваць.
Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне людзей непасрэдна ў полі. У сярэднім кошт яго складае на чалавека 12 тысяч рублёў. Не вырашана гэтае пытанне як след у ААТ “Хойніцкі аграсервіс”. Механізатарам, як салдатам на маршы, выдаюць харчаванне сухім пайком. У мінулую сераду яшчэ не запрацавала сталовая агракамбіната “Віць”, бо своечасова не падрыхтавалі яе і таму прад’явілі прэтэнзіі работнікі санэпідэмслужбы.
Ж. ЧАРНЯЎСКАЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома.