У пачатку снежня 2016 года толькі самыя зацятыя аптымісты верылі ў тое, што Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў здолее закончыць адыходзячы год без страт – настолькі востра паўстала перад калектывам кола праблем. Але людзі здолелі зрабіць немагчымае, і ў новы 2017 год фабрыка ўвайшла з годнымі эканамічнымі паказчыкамі. Па словах в.а. дырэктара прадпрыемства В.У. Мігая, велізарная заслуга ў гэтым усяго працоўнага калектыву – яго выдатная і бездакорную праца, сумленныя і адказныя адносіны да справы.
Пацвярджэннем таму лічбы: калі ў сярэднім за месяц на працягу года фабрыка выпускала таварнай прадукцыі на суму 300-400 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, то ў апошнія месяцы 2016 года гэты паказчык стаў рэзка ўзрастаць: 450 мільёнаў, 550, 660, а ў снежні ён перасягнуў 700 мільёнаў рублёў! Дасягнута гэта мабілізацыяй усіх магчымасцей, рэзкай актывізацыяй дзелавой ініцыятывы і фарсіраваным рэжымам маркетынгавай работы.
І сам кіраўнік, і інжынерна-тэхнічныя работнікі выязджалі на прамысловыя прадпрыемствы па ўсіх абласцях краіны, рассылалі прайс-лісты з узорамі сваёй прадукцыі, штодзённа тэлефанавалі на іх, нават высылалі форменнае абмундзіраванне, рабочае адзенне і іншыя швейныя вырабы паштовымі пасылкамі, а потым дапрацоўвалі іх з улікам заўваг спажыўцоў.
– У пошуках гандлёвых партнёраў аб’ехалі практычна ўсю Беларусь, – гаворыць Васілій Уладзіміравіч. – Бывалі дні, калі нашы вадзіцелі ў дзень накручвалі па тысячы кіламетраў! Прымянілі самыя розныя формы работы: напрыклад, у нас, у раёне, «прасоўвалі» прадукцыю ААТ «Белмастацкераміка» і РУП «Брэсцкая фабрыка сувеніраў «Славянка», а яны ў адказ займаліся рэалізацыяй нашай прадукцыі адпаведна ў Мінскай і Брэсцкай абласцях.
– Пра свой раён ніколі не забываемся, – працягвае свой расказ В.У. Мігай, – рэгулярна выязджаем на мехдвары і фермы, бываем і на прамысловых прадпрыемствах. Напрыклад, на 16 мільёнаў недамінаваных рублёў нагандлявалі нядаўна ў КСУП «Судкова».
Выдатныя адносіны склаліся ў нашай фабрыкі мастацкіх вырабаў з прадпрыемствамі Міністэрства лясной гаспадаркі. Калектыў фабрыкі працуе з большасцю беларускіх лясгасаў, шые для іх форменнае абмундзіраванне і рабочае адзенне. Лясгасы своечасова і ў поўным аб’ёме разлічваюцца за атрыманую прадукцыю, нават часта робяць гэта па папярэдняй аплаце.
А гэта дазваляе не толькі аператыўна папаўняць абаротныя сродкі, але і эфектыўна імі распараджацца. Менавіта прадпрыемствы лясной галіны забяспечылі калектыў фабрыкі пераходзячымі заказамі на першы месяц 2017 года. А далей – зноў патрэбна ўключаць уласную сістэму актыўнага пошуку…
Хацелася б адзначыць Святлану Анатольеўну Мазур. Вярнуўшыся на прадпрыемства, яна дапамагла хутка і эфектыўна наладзіць кантроль якасці прадукцыі, творча і крэатыўна распрацоўвае новыя ўзоры вырабаў. Праўда, няма да гэтага часу на фабрыцы галоўнага інжынера, ды і яшчэ адзін тэхнолаг з адпаведнай адукацыяй таксама не быў бы лішнім.
Нельга не ўспомніць добрым словам дзяржаўнае вытворча-гандлёвае аб’яднанне «Белмастацпромыслы», у структуру якога і ўваходзіць РУП «Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў». Без дапамогі галаўнога прадпрыемства нашай фабрыцы ў канцы мінулага года давялося б зусім цяжка: і з забеспячэннем заказамі дапамаглі, і з пашырэннем рынку збыту выпушчанай прадукцыі, і з ільготамі па падатку на дабаўленую вартасць.
І ўсё ж асноўная заслуга па таму адчувальнаму эканамічнаму рыўку, які зрабіў калектыў фабрыкі ў апошнія месяцы 2016 года, належыць яго людзям. Так і папрасіў напісаць у канцы нашай размовы Васілій Уладзіміравіч Мігай, выказаць ім велізарную за гэта ўдзячнасць, а таксама павіншаваць з навагоднімі і каляднымі святамі. Выказваем і віншуем!
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.