Невыпадковая ў сваёй прафесіі

Людзі і лёсы

Сёлета ў лютым споўніцца 20 гадоў з таго часу, як Малянок Вольга Васільеўна ў якасці сацыяльнага работніка пачала абслугоўваць у Вялікім Боры пенсіянераў на даму. Аб тым, што старанна працуе, сведчаць шматлікія ўзнагароды. У 2009 і 2013 гадах ёй аб’яўлялася Падзяка Хойніцкага райвыканкама, у 2011-м была ўручана Ганаровая грамата Хойніцкага райвыканкама, у 2015-м па выніках работы ў 2014 годзе прысвоена званне «Лепшы сацыяльны работнік» з занясеннем на раённую Дошку гонару. Да сёлетняга прафесійнага свята – Дня работнікаў сацыяльнай абароны, які адзначаўся ўчора, за шматгадовую, добрасумленную працу ёй аб’яўлена Падзяка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. Вось так па нарастаючай на працягу двух дзесяцігоддзяў няспынна расце прафесіяналізм В.В. Малянок. І, вобразна кажучы, плешча цераз край удзячнасць адзінока пражываючых людзей, якіх яна абслугоўвае.dsc_0035

Інакш і не павінна быць. Выпадковых асоб у гэтай прафесіі быць не можа, а калі зрэдку і трапляюцца, то не затрымліваюцца. Іх прафпрыгоднасць правяраецца часам. За два дзесяцігоддзі В.В. Малянок экзамен на чуласць, клапатлівасць, шчырасць у адносінах да людзей, маючых у гэтым патрэбу, здала на выдатна не аднойчы.
На сённяшні дзень Вольга Васільеўна абслугоўвае шасцёра пажылых аднавяскоўцаў, кожнаму з іх ужо пад восемдзесят гадоў. Яе графік наведванняў распісаны на кожны дзень. Да некага трэба два разы наведацца, да некага тры ці чатыры на тыдзень. На адзін візіт згодна з рабочай інструкцыяй адводзіцца 2 гадзіны 27 мінут. Але ж рамкі гэтыя на справе не строгія, а вельмі празрыстыя, бо сацыяльны работнік – гэта менавіта адна з выключных прафесій, якія ў сілу розных жыццёвых абставін выходзяць за межы прапісаных абавязкаў. Часта са здароўем у старых праблемы ўзнікаюць, не кінеш жа ў такую хвіліну чалавека, не скажаш, маўляў, час, адведзены на вас, прайшоў. Ды і проста ў час душэўнай размовы не абарвеш жа чалавека на паўслове. Паскардзіцца, што не выслухаў, гутарку не падтрымаў. Сакрэтамі, бывае, такімі дзеляцца, што і дзецям сваім не давераць.
Вольга Васільеўна гаворыць, што ёй ніколькі не шкада асабістага часу, і раней яго не шкадавала, па гадзінніку не мерыла. Можа і за сваіх абодвух дзяцей – Віцю і Светачку столькі не перажывала, як за сваіх бабулек. Можа, таму і «на нагах» каторы раз хваробу сама перанесла, на бальнічны ні разу не пайшла. Як было кінуць, за кожнага старога душой перажывала. Як самыя родныя яны ёй з гадамі становяцца. Менавіта пагэтаму і не сорамна сацыяльнаму работніку ні за адну хвіліну сваёй працы.
Цяпер шасцёра гаспадарак адначасова, акрамя сваёй, даводзіцца скрупулёзна планаваць і весці. Прадукты, лекі, дровы прынесці, падлогу, посуд памыць, расчысціць снег на прыдамавой тэрыторыі. Дапамагчы памыцца, нават, як малым, пазногцікі зрэзаць, валасы расчасаць. Хіба аба ўсім напішаш. Даводзіцца быць, як гаворыцца, правай рукой сталых падапечных.
Некаторыя з іх адзінокія, да некаторых прыязджаюць родныя. Але ж яны не могуць з-за вялікай адлегласці быць побач з імі пастаянна. А Вольга Васільеўна, як хуткая дапамога, адзін тэлефонны званок – і прыбяжыць. Хаця да некаторых не так і блізка дабірацца. Вось, напрыклад, да дома Харошкі Ніны Пятроўны больш за паўгадзіны трэба затраціць, каб дайсці з цэнтра аграгарадка, дзе жыве В.В. Малянок. А калі ўлічыць, што трэба несці сумкі з прадуктамі з магазіна, то і яшчэ больш часу спатрэбіцца. Але гэту нязручнасць удалося мінулым летам вырашыць. Пасадзейнічала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, якая праводзіла ў ТЦСАН сустрэчу з працоўным калектывам. Цяпер аўталаўка райпо робіць дадатковы прыпынак у Вялікім Боры, і Н.П. Харошка сама можа зрабіць некаторыя пакупкі.
Вольга Васільеўна абавязкова прасіла яшчэ падзякаваць за дапамогу ў вырашэнні розных пытанняў, якія ўзнікаюць у час абслугоўвання састарэлых, старшыні Велікаборскага сельвыканкама А.А. Кузьменка, былому і цяперашняму ўчастковым міліцыянерам В.В. Звягіну і С.К Даленчуку, урачу мясцовай амбулаторыі В.І. Ганчарык, дырэктару КСУП «Велікаборскі» В.Б. Кузьменку. Па аўторках на нарадах у сельвыканкаме разам усё абмяркоўваюць. Ніколі не было адмовы ў выдзяленні арганікі або тэхнікі агарод падапечных апрацаваць, дарогу па вуліцы расчысціць, вулічнае асвятленне аднавіць. Менавіта так у адной звязцы лягчэй працаваць. Добрымі словамі ўспамінала свайго першага начальніка і цяперашняга М.А. Скітовіч і Г.М. Скачко адпаведна.
Безумоўна, усе пажылыя людзі на доглядзе са сваімі характарамі, да кожнага патрэбен свой падыход. Але яго не так складана знайсці, варта толькі шчыра шкадаваць старасць, як гэта і робіць Вольга Васільеўна Малянок.

Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *