19 студзеня — Дзень выратавальніка

Службы информируют Экономика

У сярэдзіне студзеня адзначаюць прафесійнае свята выратавальнікі. Перш-наперш перамагаючы асабісты страх, яны прыходзяць на дапамогу іншым.
Пра гэтых зусім не «кіношных» герояў, якія працуюць у Хойніцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, напісана многа. Летась іх падраздзяленні ліквідавалі 129 пажараў і ўзгаранняў. У час баявой работы атрымалася адваяваць у агня жыццё чалавека.

Для выканання сваіх абавязкаў калектыў мае ўсе неабходныя тэхнічныя сродкі. У лістападзе летась аўтапарк папоўніўся новай адзінкай. У распараджэнне пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 14 в. Казялужжа размеркавана аўтацыстэрна АЦ 10,0-40 на базе МАЗ-6317.

DSC_0015

Машына памерам з двухпавярховы дом здольная даставіць да месца пажара 8 выратавальнікаў, інструменты і запас вогнетушыльных сродкаў. Высокая праходнасць і моцны рухавік дазваляюць аўтамабілю лёгка пераадольваць любое бездарожжа, а вялікі аб’ём цыстэрны падыходзіць для работы ў бязводнай мясцовасці.
Кіраваць такой тэхнікай па сілах толькі прафесіяналам. Адным з іх з’яўляецца самы вопытны супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях – вадзіцель Сяргей Уладзіміравіч Вараб’ёў (на здымку). Яго прафесійны стаж на сёння – 24 гады. Па сімвалічным супадзенні першым рабочым днём для яго стала некалі менавіта 19 студзеня.

DSC_0052
У гэтай прафесіі лічыцца, што калі на пост прыходзіць навічок і ў першы ж дзень трапляе на здарэнне, значыць ён шчасліўчык, і служба будзе праходзіць паспяхова. Так і выпала тады пачынаючаму выратавальніку Вараб’ёву. Не паспеў ён прыняць змену, як адразу ж паехаў з камандай на выклік.
Верагодна, павер’е ўсё ж спрацавала, таму што праз дваццаць гадоў стажу вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Хойнікі С.У. Вараб’ёў застаўся працаваць звыш усталяванага крайняга ўзросту знаходжання на службе. А пачынаючы з 19 студзеня 2017-га яшчэ на год застанецца. Такое рашэнне ў адносінах да яго прынята паўторна на высокім узроўні – у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Паўплывалі на гэта выдатныя прафесійныя якасці вопытнага работніка. Сяргей Уладзіміравіч – вадзіцель першага класа, у час работы асвоіў дадатковую спецыяльнасць хіміка-дазіметрыста, мае допуск да кіравання ўсімі магчымымі тэхнічнымі сродкамі.
За адданасць сваёй прафесіі С.У. Вараб’ёў узнагароджаны нагрудным знакам «15 год органам і падраздяленням МНС Рэспублікі Беларусь» і медалём «160 гадоў пажарнай службе Беларусі», а таксама неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Рашучы і рэзкі ў прафесіі, у звычайным жыцці Сяргей Уладзіміравіч – ветлівы чалавек і прыемны суразмоўца. Разам з жонкай Аленай Міхайлаўнай у моцным шлюбе выхавалі дачку Наталлю, якая летась падаравала бацькам унучку.
Назапашаныя ў прафесіі веды вопытны прафесіянал шчодра перадае моладзі. Дарэчы, сёлета ў калектыў аддзела па надзвычайных сітуацыях прыйшлі працаваць трое навічкоў.
Ім можна па-добраму пазайзросціць – ёсць на каго раўняцца!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *