Аператар машыннага даення – прафесія вельмі няпростая. Працоўны дзень доўжыцца з пяці гадзін раніцы і да поўначы, уключаючы тры дойкі. Вядома, працэс гэты сёння механізаваны, з былой ручной дойкай па складанасці не параўнаць. Але ж атрыманне малака ад жывёлы поўнасцю механізаваць немагчыма. Яна патрабуе добрага догляду, увагі. І ў гэтым плане раўняцца варта на Васілія Сапона, які працуе на Дварышчанскай ферме.
Спачатку ён быў даглядчыкам, а потым жонка Святлана Ларкоўская «пераманіла» яго ў сваю прафесію, навучыўшы ўсім тонкасцям справы. І вось ужо пятнаццаць гадоў Васілій доіць кароў. За гэты час неаднаразова быў пераможцам раённых спаборніцтваў, адзначаўся кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства. Летась на Дні работнікаў сельскай гаспадаркі яго ўшаноўвалі за другое месца раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення і ўручылі тэлевізар. Гэты падарунак служыць добрым напамінам аб высокай адзнацы яго старанняў.
Працуе мужчына на раздоі кароў. Звычайна ў яго 25-30 «падапечных». Усе іх паказчыкі ён старанна занатоўвае ў журнале – тут вельмі важна дакладнасць. Да таго ж, на яго рабочым месцы заўсёды чысціня і парадак такія, што не падкапаешся.
Добра знаходзіць агульную мову Васілій Сапон і з калегамі. Часам жанчынкі яго з цеплынёй называюць «Васіліса» (такім чынам жартуючы над стэрыятыпам, што даярка – жаночая прафесія).
Дарэчы, мужчын-дояраў у нашым раёне ўсяго чатыры, затое якія!
*** *** ***
Па беларускай зямлі крочыць акцыя «Наш жывёлавод», правядзенне якой ініцыіраваў Рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў АПК. Актыўна падтрымалі яе і ў нашым раёне.
Як правіла, з вясны да восені героямі становяцца работнікі палёў – ім уся ўвага і пашана. Таму зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы павінен быць «зорным часам» для працаўнікоў ферм. Менавіта такую мэту мае гэта акцыя. Ні адзін чалавек ні на адной ферме, нават самай маленькай і не з бліскучымі паказчыкамі, не павінны застацца без увагі. На гэтым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка разам са спецыялістамі гаспадаркі пабывала на чатырох фермах КСУП «Веляцін». Яна пагутарыла з работнікамі і перадала салодкія пачастункі.
І няхай гэта заахвочванне невялікае, але разам са шчырымі словамі высокай ацэнкі працы яно дае працаўнікам вёскі яшчэ большы маральны стымул для дасягнення вышэйшых вынікаў. У будучым Падзякі і падарункі ў рамках акцыі будуць атрымліваць лепшыя аператары машыннага даення і жывёлаводы на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы.
Паездкі па фермах працягнуцца. Па словах Веры Васільеўны, будуць заахвочаны жывёлаводы кожнай гаспадаркі раёна. «Хойніцкія навіны», якія працуюць у моцнай звязцы з райсельгасхарчам і галіновым прафсаюзам, па традыцыі лічаць справай гонару прыняць удзел у акцыі, стаць яе інфармацыйным партнёрам. Нашы журналісты скарэктуюць свае творчыя маршруты, каб часцей распавядаць пра заслужаных людзей і навінах з сельгаспрадпрыемстваў. Вось апошнюю прывезлі з «Велеціна» – у бытавых памяшканнях на фермах «Звяняцкае» і «Баме» з’явілася новая мэбля.
Кухонныя гарнітуры, шафы, стол, лавачкі – цяпер усё прыгожа і ўтульна. Да таго ж, у інтэр’еры з’явілася мноства ручных вырабаў – квілінг, тапіарый і работы з бісера. Умовы годныя, няхай і паказчыкі будуць такімі ж.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.