На мінулых выхадных у мікрараёне «Юбілейны» прайшло спартыўнае свята «Хойніцкая лыжня-2017». Арганізатарам выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Пазмагацца сабраліся як зусім юныя спартсмены, так і аматары зімовага віду спорту з працоўных калектываў раёна. Ад іх выказалі жаданне ўдзельнічаць аж 28 каманд! Падгадалі і з надвор’ем: мерапрыемству спрыяў невялікі марозчык – самае тое для добрай лыжні!
Эстафетныя гонкі падзялілі на тры этапы. У першым удзельнічалі дзеці з 9 устаноў адукацыі Хойнікшчыны, у другім – лыжнікі-дарослыя, трэцім стаў змешаны масавы старт. У масстарце былі прадугледжаны асобныя сімвалічныя ўзнагароды за ўдзел.
Сярод юніёраў у эстафеце сталі першымі рабяты з трэцяй гарадской школы. Другое месца занялі тут гімназісты, а трэцяе – вучні Стралічаўскай школы. Рабяты вельмі стараліся годна прайсці свой круг і хутка перадаць эстафету сябру.
Не менш зацятая барацьба разгарнулася ў дарослых. Здавалася, што ад актыўнага спаборнічання снег станавіўся гарачым і плавіўся, настолькі высокім быў градус змагання. Прызавыя месцы размеркаваны наступным чынам. На першым – калектыў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, другое месца заваявалі лыжнікі-педагогі з СШ № 2, на трэцім – іх калегі з Глінішчанскай школы. Пераможцы ўдастоены дыпломаў і медалёў.
Заахвочвальныя прызы атрымалі і самыя актыўныя ўдзельнікі масавага старту. Сярод іх самая малая па ўзросту лыжніца раённага мерапрыемства – 11-гадовая Дар’я Смольская з СШ № 3, спартсмены з працоўных калектываў Ала Ходас, Людміла Чэрапава Марыя Беразоўская, Сяргей Вараб’ёў, Л.Ф. Кулакоўская, Ю.М. Гапоненка.
Спецыяльны прыз атрымаў самы спартыўны дырэктар школы А.Л. Вяргейчык, які разам са сваімі падначаленымі браў актыўны ўдзел у масстарце.
На лыжні нікому не давялося сумаваць. Ды і як тут гультаяваць, калі столькі спраў варта перарабіць: і пахварэць за ўдзельнікаў, і пачаставацца гарачым чаем, пакуль на полі ідзе напружаная гонка, і патанцаваць пад дынамічныя песні ў выкананні юных талентаў з цэнтра культуры г. Хойнікі. На працягу ўсяго свята не сціхала музыка, за гэта адказным быў Дзяніс Шарапаў, а ход спаборніцтваў літаральна па хвілінах агучваў вядучы Аляксандр Бутэнка.
Дарэчы, падтрымлівалі лыжнікаў горача і тэмпераментна больш за сотню сабраўшыхся на свяце. Ды і наведвальнікі нядзельнага рынку міма спаборніцтваў не праходзілі – абавязкова спыняліся пацікавіцца, хто лідзіруе.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.