Вядома, што больш за 80% інфармацыі пра стан здароўя пацыента можна атрымаць толькі пасля лабараторных аналізаў. Справа гэта не церпіць адкладу, бо за некалькі гадзін можна знайсці першапрычыны многіх захворванняў. Сёння мы раскажам пра тых, хто працуе ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
У правядзенні адказных лабараторных даследаванняў заняты 18 чалавек – спецыялісты розных медыцынскіх звенняў, у тым ліку 4 урачы, 9 фельчараў-лабарантаў і 5 санітарак.
Клініка-дыягнастычная лабараторыя дзейнічае з першых дзён стварэння бальніцы. З 1985 года бяззменна кіруе ёй Ірына Пятроўна Халюшкова.
З часам мяняюцца падыходы да работы, ускладняюцца патрабаванні, удасканальваецца аснашчэнне. Безумоўна, расце і прафесіяналізм работнікаў, перадаецца маладым калегам. Дарэчы, летась калектыў лабараторыі папоўніла ўрач лабараторнай дыягностыкі Вікторыя Мінькова. Зараз яна працуе ў звязцы з вопытнай калегай, урачом лабараторнай дыягностыкі Таісіяй Іванаўнай Лабадой, стаж якой налічвае тры дзесяцігоддзі. Побач не менш кваліфікаваны ўрач Алена Міхайлаўна Новак. Акрамя гэтага, у лабараторыі карпяць над вынікамі аналізаў старшы фельчар-лабарант Надзежда Васільеўна Харэцкая і фельчар-лабарант Вера Уладзіміраўна Рэдзька.
Пацыенты добра знаёмыя з фельчарамі-лабарантамі клініка-дыягнастычнай лабараторыі ў паліклініцы. Тут пяць дзён на тыдзень з самага ранку бяруць аналізы, а пасля апоўдня рыхтуюць іх вынікі. Спяцыфіка гэтай дзейнасці выключае любую прычыну адкласці работу на заўтра, таму і стараюцца жанчыны аператыўна справіцца з дзесяткамі проб біялагічных матэрыялаў.
Сваю працу ад «А» да «Я» ведаюць і прафесійна выконваюць фельчары-лабаранты Людміла Уладзіміраўна Салянка, Галіна Аляксандраўна Сыцянок, Ірына Канстанцінаўна Халюшкова, санітарны работнік Святлана Сяргееўна Кракасевіч.
У іх абавязкі таксама ўвахо-дзіць наведванне на даму воінаў-інтэрнацыяналістаў, цяжкахворых, а згодна з сёлетнім планам работы ў лютым пачынаюцца выезды ў калектывы сельгаспрадпрыемстваў, школы і дзіцячыя сады.
Асобна ў структуры лабараторыі стаіць аддзел экстраннай дыягностыкі, дзе пазменна працуюць чатыры фельчары-лабаранты. Да слова, з усяго калектыву клініка-дыягнастычнай лабараторыі менавіта тут працаўладкаваны адзіны прадстаўнік мужчынскага полу.
Фельчар Яўгеній Тужык (здымак 4) на працягу 15 гадоў выконвае даследаванні ў звыштэрміновым рэжыме. Тут агульны аналіз крыві на спецыяльным гематалагічным аналізатары займае ўсяго каля адной гадзіны. Некаторыя пробы рыхтуюцца за 15 хвілін. За суткі свайго дзяжурства фельчар-лабарант павінен, як сапраўдны ўніверсальны салдат, тэрмінова выканаць комплекс неабходных праверак. Яўгеній Тужык – вопытны лабарант, без перабольшвання спецыяліст шырокага профілю, валодаючы літаральна ўсімі методыкамі даследавання аналізаў. Не саступаюць мужчыне і яго калегі-жанчыны. Сярод тых, хто не першы год напагатове як мага хутчэй зрабіць лабараторныя аналізы, Вера Суханос, Вольга Сарочанка і Алена Трушкова. І ад іх кампетэнтнасці залежыць правільнасць пастаноўкі ўрачом дыягназа пацыенту.
Каб медыкі, занятыя штодзённай руціннай працай, не звярталі ўвагу на бытавыя «раздражняльнікі», за чысцінёй і парадкам пільна сочаць санітарныя работнікі. Якраз у час апрацоўкі посуду засталі санітарак Святлану Віктараўну Атрошчанка і Маргарыту Сяргееўну Валасюк (здымак 5).
Да слова, апошняя доўгі час працавала санітаркай у аддзяленні рэаніматалогіі і анэстэзіялогіі.
У рабоце клініка-дыягнастычнай лабараторыі выключаецца любая «ўцечка інфармацыі». Ніякія звесткі аб выніках аналізаў не перадаюцца па тэлефоне, усе паказчыкі даводзяцца строга да ўрача. Словам, ва ўсім пацыенты могуць давяраць работнікам лабараторыі.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.