24 лістапада – 81-годдзе з дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Час аддаляе нас ад трагічных падзей. Больш за 80 гадоў назад на Хойнікшчыне адбылося тое, чаго так чакалі. Дзякуючы самаадданай барацьбе партызаны і салдаты Чырвонай арміі змаглі вызваліць чарговы населены пункт.
Вялікая трагедыя і супраціўленне – на гэтым будуецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў Беларусі. Тое ж можна сказаць і пра Хойнікшчыну. Вораг пасяліўся на нашых тэрыторыях і быў тут больш за два гады. З першых дзён акупацыі (з 25 жніўня 1941 года) немцы сталі наводзіць свае «парадкі». Пачалося масавае знішчэнне мірнага насельніцтва.
У гонар герояў, якія цаной свайго жыцця адплацілі за незалежнасць новых пакаленняў, узведзены помнікі. Але ёсць і іншая катэгорыя своеасаблівых помнікаў: тыя збудаванні, якія стаялі ў час акупацыі. Па сёння існуюць яны ў Хойніках.
Амаль усе гэтыя архітэктурныя аб’екты ў час акупацыі сталі для фашыстаў месцамі, дзе яны здзекваліся з мясцовых жыхароў, дзе ўтрымлівалі сваіх ахвяр. Гэтыя адрасы не адзначаны мемарыяльнымі шыльдамі, але тыя, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, усё адно ведае іх дакладна.
Фота з сайта СШ № 2 г. Хойнікі
Двухпавярховы цагляны будынак другой гарадской школы пабудавалі ў 1937 годзе на плошчы Працы (потым – Танкістаў). Як пазначана на сайце самой установы адукацыі, у час Вялікай Айчыннай вайны ў сценах школы нацысты размясцілі зборны пункт па адпраўцы моладзі ў Германію. На першым паверсе абсталявалі канюшню. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, адначасова тут утрымлівалі больш за 5 тысяч маладых людзей.
У лістападзе 1943 года наша мястэчка вызвалілі, а ўжо ў снежні дзеткі зноў селі за парты, аднавілі вучобу. Хаця і не ў самой школе – пры адыходзе фашысты ўзарвалі будынак.
Рамонт школы завяршылі ў 1950 годзе, што стала значнай падзеяй для землякоў.
Непадалёк, па вуліцы Савецкая, у будынку, дзе зараз знаходзіцца Дзяржаўтаінспекцыя, раней была жандармерыя. Тут дапытвалі і катавалі палонных, якіх утрымлівалі ў будынку банка (а пазней краязнаўчага музея).
Сумным быў у акупацыю лёс і першай гарадской школы. Дзейнічала яна з 1930 года, у 1938 годзе яе закончыў наш славуты зямляк, беларускі пісьменнік Іван Мележ. Асноўны будынак школы стаяў на вуліцы Савецкая, на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца райвыканкам. У памяшканнях школы зрабілі канюшні. А ў двары 4 верасня 1941 года расстралялі пяць жыхарой вёскі Валокі.
Літаральна праз тыдзень пасля вызвалення нашага раёна настаўнікі, вучні і іх бацькі заняліся рамонтам. Зранку вучыліся, а ўвечары ішлі аднаўляць свае класы. Менавіта з-за гэтага вучобу часова арганізавалі ў суседніх са школай дамах. Першы выпуск пасля акупацыі адбыўся ў маі 1944 года.
А ў 1964 годзе – 1 студзеня – свае дзверы адчыніў новы будынак школы.
«Памятае» дні акупацыі і сядзіба, у якой з 2010 года дзейнічае раённы краязнаўчы музей. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты зрабілі там ваенны шпіталь, а на тэрыторыі парка былі і салдацкія могілкі, якія знайшлі падчас рамонтных работ перад Днём беларускага пісьменства. Пасля вызвалення тут працаваў дзіцячы прыют і аддзел адукацыі.
В. АРХІПЕНКА, старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.