У мінулым годзе журналісты «Хойніцкіх навін» пабывалі ў Казялужскай, Велікаборскай і Судкоўскай школах. Гэтыя паездкі – своеасаблівы мост сяброўства, які мы імкнёмся пракласці да кожнай установы адукацыі. Сустрэчы са школьнікамі вельмі карысныя для нас – можна данесці нейкую інфармацыю, пачуць прапановы, знайсці таленты.
Сёлета працягваем нашы вандроўкі. Трэцяга лютага аб’явілі галасаванне сярод сельскіх школ, у якіх яшчэ не былі, і праз пяць дзён, падвёўшы вынікі, вызначылі, куды наведаемся на гэты раз. 368 галасоў набралі вучні Паселіцкай школы і такім чынам абагналі ўсіх астатніх. Падрыхтаваўшы конкурсы і падарункі, мы паехалі ў Паселічы. У піянерскім пакоі сабраліся рабяты розных узростаў, якія з цікавасцю чакалі: што ж пакажуць і распавядуць журналісты?
Па традыцыі нашу сустрэчу мы падзялілі на дзве часткі. Першая, так бы мовіць, тэарэтычная – пазнаёмілі школьнікаў з гісторыяй «раёнкі», расказалі, як ствараецца газета, пра цікавыя будні карэспандэнтаў і аб тым, дзе можна набыць гэтую прафесію. Да таго ж, нагадалі аб правядзенні конкурсу «Залатое пяро» «Белай Русі».
А другая частка была забаўляльная. Вучняў падзялілі на пяць каманд і прапанавалі некалькі творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў. Першы конкурс – віктарына. Варта было адказаць на дзесяць пытанняў аб газеце і работніках рэдакцыі. У цэлым усе нядрэнна справіліся з гэтай задачай. Далей з літар слова «Журналістыка» неабходна было стварыць як мага больш новых слоў. Чаго толькі ні было: і «ліса», і «ікра», і «сіла» – рабяты вельмі стараліся. Затым былі некалькі хвілін натхнення – складалі вершы аб газеце. У выніку атрымаліся цудоўныя радкі, прывядзём пару прыкладаў. «С утра в субботу я встаю, газету очень сильно жду. Её приносит почтальон. В знак благодарности ему – бульон!». А яшчэ так: «Хойніцкія навіны – лучшая газета, она нас поражает и зимой, и летом!».
Наступны іспыт быў на ўважлівасць. Трэба было ў газеце знайсці пэўныя літары – у кожнай каманды было сваё заданне. А пасля піянерскі пакой ператварыўся ў творчую майстэрню – кожны з газеты рабіў нейкую цікавую рэч. І тут школьнікі пастараліся на славу – атрымаліся арыгінальныя папяровыя кветкі, ваза, кашалёк і шмат іншага. І гэта толькі палова падрыхтаванай намі праграмы. Пасля кожнага конкурсу пераможцам уручаліся невялікія падарункі – канцылярскія прыналежнасці. А закончылася сустрэча сумеснай фотасесіяй.
Час правялі весела – было мноства ўсмешак, і гэта для нас лепшая ўзнагарода.
Наталля ЧЭКАН.
Фота Алены СМУСЯНОК.