Сёлета работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працягваюць пачэсную місію віншавання юбіляраў-доўгажыхароў раёна. Першай з 90-гадовым юбілеем ушаноўвалі Кучараву Алену Еўдакімаўну. Атрымалася ўсё вельмі прыгожа. Справа ў тым, што аб святкаванні дня нараджэння паклапаціліся родзічы не толькі ў Хойніках, але і добрыя сябры, у прыватнасці Ірына Канапелька з Мінска. Менавіта яна званіла ў рэдакцыю з просьбай расказаць усім пра яе цёцю. Далучылася да віншаванняў пад добрыя песні народнага ансамблю «Спадчына» і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнава.
Не кожны з нас успомніць чым ён займаўся, напрыклад, у мінулы аўторак. А вось Алена Еўдакімаўна Кучарава дакладна раскажа не толькі аб тым, што яна рабіла ў любы дзень любога месяца і 20, і 30 год таму, але і нават аб тым, якое ў той дзень было надвор’е і што значнага адбылося ў нашым горадзе і краіне. Такое ў яе захапленне – быць летапісцам свайго часу.
– Нават не ўспомню дакладна, як я занялася вядзеннем гэтых запісаў, – гаворыць жанчына. – Спачатку захоўвала ўсе рэспубліканскія, абласныя газеты і нашу раёнку, якую я выпісваю з маладосці. А потым прыйшла да высновы, што патрэбны і запісы аб падзеях кожнага дня ў маштабах горада, раёна, краіны…
Алена Еўдакімаўна – сапраўдная знаходка для музейных работнікаў, краязнаўцаў: столькі цікавага аб жыцці горада і раёна ведае.
Уласны лёс не песціў жанчыну бесклапотнасцю і «лёгкім», як кажуць, хлебам. Нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў былой вёсцы Валокі, а сёння – вуліцы Катоўскага райцэнтра. Тут стаяла бацькоўская хата, у якой маці і тата – Марыя Лук’янаўна і Еўдакім Пятровіч – выхоўвалі пяцёра дзяцей. Побач разам з мужам Іванам Міхайлавічам, інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, пабудавалі свой уласны дом. І ў гэтым доме яны вырасцілі і далі належнае выхаванне таксама пяцярым сваім дзецям.
Да вайны яна паспела скончыць толькі 6 класаў Хойніцкай школы, пасля вайны «навярстала» ўпушчанае. Год давялося папрацаваць на лесараспрацоўках: гэта былі цяжкія апошнія гады Вялікай Айчыннай, калі яшчэ дзейнічалі законы ваеннага часу і нават пяціхвіліннае спазненне каралася судом. А цяпер уявіце, як ім, дзяўчатам, даводзілася кожную раніцу шыбаваць пешкі з Валок да «хойніцкага» Гарошкава, дзе і знаходзілася месца працы.
Потым 8 гадоў адпрацавала касірам-кантралёрам на пошце, але асноўнай часткай яе амаль 40-гадовага стажу стала работа на пасадзе галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі райвыканкама, якую яна займала з 1948 па 1973 год. Пасля гэтага да самога выхаду на пенсію працавала сакратаром-машыністкай у калгасе імя Калініна. Але і на заслужаным адпачынку яна ніколі не адмаўляла ў просьбах папрацаваць часова, на падмену, хаця дома даводзілася даглядаць хворую маці.
А.Е. Кучарава заўсёды знаходзілася ў самай гушчыні прафсаюзнага і грамадскага жыцця. Людзі цягнуліся да яе, карысталіся яе парадамі ў самых розных жыццёвых і прафесійных сітуацыях. Заўсёды дапамагалі ёй у гэтым ад прыроды дабразычлівы і прыязны характар, глыбокія прафесійныя веды і вопыт, яе жыццёвая мудрасць і далікатнасць.
А яшчэ Алена Еўдакімаўна вызначалася раней і вызначаецца сёння асаблівай акуратнасцю і нават педантычнасцю: кожная паперка ў яе дакументах і кожная рэч у яе доме раз і назаўсёды займаюць сваё законнае месца. А таму жанчыне ніколі не складала асаблівай цяжкасці яе адшукаць.
Нават зараз яна свабодна арыентуецца ў сваіх сістэматызаваных запісах і падборках.
Пазаўчора ў яе было 90-годдзе. Дзеці, 10 унукаў і 12 праўнукаў, шматлікія госці ўрачыста адзначылі гэты юбілей маці, бабулі, прабабулі, а таксама Жанчыны з вялікай літары, і з такой жа вялікай літары Чалавека і Грамадзяніна.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.