Памятае ўсіх вучняў

Людзі і лёсы

Т Я МарченкоНа гэтым тыдні таксама віншавалі з юбілеем і хайнічанку Тамару Якаўлеўну Марчанка, былога педагога вышэйшай катэгорыі з больш чым 40-гадовым працоўным стажам. Сціплая і прыемная, яна і пра сябе расказвала сціпла:
– Нарадзілася ў Бабруйску, але ў хуткім часе бацьку па партыйнай лініі перавялі ў Хойнікі, дзе наша сям’я і засталася. Да вайны паспела закончыць 8 класаў сярэдняй школы № 1. Вельмі здатная да вучобы я была. Пайшла ў школу ў 6-гадовым узросце, так вучыцца хацела. Бацька дамовіўся, мяне і ўзялі ў адзін клас з маёй старэйшай сястрой. Вучылася старанна, асабліва чытаць любіла. Удзельнічала ва ўсіх святочных мерапрыемствах. З сяброўкай марылі стаць актрысамі, але потым мяне больш прывабіла настаўніцтва, з якім і звязала ўсё жыццё.
Сваю працу Тамара Якаўлеўна пачала піянерважатай у сярэдняй школе № 2. Маладая і энергічная, яна заахвочвала дзяцей, зараджала іх сваёй энергіяй і энтузіязмам. Затым працавала піянерважатай у дзіцячым доме, які быў некалі ў гарадскім парку нашага горада, нават з’яўлялася трэнерам футбольнай каманды.
Завочна закончыла педагагічнае вучылішча ў Гомелі і стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 3, а затым у другой школе, дзе на працягу 36 гадоў вучыла маленькіх хайнічан грамаце, чалавечнасці, патрыятызму.
Узгадваючы былыя часы, Т.Я. Марчанка расказвае, як выступала на розных пленумах, была членам бюро раённага камітэта камсамолу, удзельнічала ў рэспубліканскіх педагагічных чытаннях…
– Заўсёды да ўрокаў рыхтавалася вельмі старанна, нібы кожны дзень здавала экзамены, – расказвае Тамара Якаўлеўна, перабіраючы фотаздымкі. – Ды інакш не магла, адказна ставілася да сваіх абавязкаў. Так хацелася як мага больш расказаць дзецям, лепш пазнаёміць іх з гэтым светам. Заўсёды працавала над сабой, папаўняючы свае веды. А ў вольны час шыла дзецям касцюмы для ўдзелу ў паказальных выступленнях, маёўках і парадах на 9 Мая. Самыя лепшыя гады прайшлі ў рабоце, але не шкадую ні аб чым. Узгадваць магу многа і пра работу, і пра калег сваіх, з некаторымі з іх і дагэтуль падтрымліваем сувязь, тэлефануем адзін аднаму.
На заслужаны адпачынак Т.Я. Марчанка пайшла ў 65 гадоў. Зараз свой час прысвячае разгадванню красвордаў, перыядычнай прэсе, абавязкова выпісвае «Хойніцкія навіны». Яна ў курсе асноўных падзей краіны і нашага раёна, а летам невялікі агародзік апрацоўвае, дзе растуць клубніцы.
За доўгі працоўны шлях узнагароджана мноствам Ганаровых грамат рознага ўзроўню – ад раённага да міністэрскага, мае знакі «Пераможца сацспаборніцтваў», «Лепшаму важатаму», «Выдатнік народнай асветы», ордэн «Знак пашаны» і медаль «Ветэран працы». І, канешне, узнагародай ёй служаць добрыя словы тых, каго вучыла. Сярод іх, дарэчы, нямала настаўнікаў, якія працавалі і працуюць у нашых гарадскіх і сельскіх школах. Амаль кожны год запрашаюць сваю настаўніцу былыя вучні на сустрэчу выпускнікоў, вось і мінулым летам адбылася адна з такіх незабыўных сустрэч.
Усіх сваіх вучняў памятае Тамара Якаўлеўна, бо дапаможнікам ёй у гэтым служыць журнал, дзе запісаны імёны і прозвішчы кожнага з іх. Прадстаўляеце, колькі там імёнаў!
Размаўлялі мы доўга, узгадвалі настаўнікаў (я закончыла другую гарадскую школу і заспела той час, калі Тамара Якаўлеўна працавала), падзеі з жыцця школы і горада. Развітваючыся, пажадала моцнага здароўя, каб былі сілы радавацца сонцу, вучням, якія наведваюць, і жыццю.

Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *