У апошняй у гэтым годзе вандроўцы па вёсках нашага раёна вырашылі далёка не рушыць – спыніліся літаральна за райцэнтрам, у Езапове.
Гэты невялічкі населены пункт заснавалі прыкладна сто гадоў назад, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – таму і свята прастольнае тут на Акцябрыны.
У чацвер сюды прыязджае аўталаўка – мясцовыя ідуць на закупы. Увогуле ў Езапове на гандлёвае забеспячэнне не скардзяцца: двойчы на тыдзень аўталаўка «Еўраопт», яшчэ два разы прыедзе прыватны прадпрымальнік і з Калінкавіч машына. Жыхары старэйшага ўзросту задаволеныя.
Вітаемся з тубельнай жыхаркай – Кацярынай Сульжэнкай. З 1962 года Кацярына Іванаўна пражывае тут, у Езапове, Сама родам з-пад Чарнобыля – вёскі Пагоннае, а бліжэй да Хойнік пераехала з мужам. Усё жыццё працавала ў гарадской гасцініцы, зараз на пенсіі.
За суседкай крочыць вядомая нам зямлячка. Неаднаразова яе імя друкавалі на старонках раёнкі – матуля-гераіня і ўраджэнка Езапова Аляксандра Ушакова. Разам з мужам Аляксандра Адольфаўна выхавала 10 дзяцей, двое з іх і цяпер разам з матуляй.
У 2018 годзе паважаная Аляксандра Адольфаўна прызнана «Жанчынай года». Ветэран працы (больш за 40 гадоў прысвяціла сельскай гаспадарцы) і проста светлы ва ўсіх сэнсах чалавек, яна і сёння не страціла аптымізму. І ганарыцца, што жанчына яна багатая: 10 дзяцей, 18 унукаў і нават трое праўнукаў. Сапраўднае багацце!
Кажа, што хутка пачне рыхтавацца да Новага года. Дзеці і ўнукі абавязкова матулю наведаюць, у іх сям’і прынята накрываць стол разам.
У сваіх вандроўках мы імкнемся абавязкова пазнаёміцца з упаўнаважанымі. У Судкоўскім сельвыканкаме нам параілі пагутарыць з адказнай і камунікабельнай Ліліяй Лешчанок. Менавіта яна ў вёсцы пасрэднік паміж жыхарамі і ўладай. Нарадзілася і вырасла жанчына на Гродзеншчыне, але часта прыязджала ў вёску Высокае Хойніцкага раёна да роднай цёткі. Потым стала будаўніком, на ўзвядзенні адміністратыўнага будынка калгаса імя Калініна і пазнаёмілася са сваім каханым.
Разам з Мікалаем нарадзілі і выхавалі траіх дачок, якія сёння жывуць побач з матуляй і ніколі яе не забываюць. У Ліліі Аляксандраўны таксама вялікая спадчына: 12 унукаў і чатыры праўнукі растуць.
Дарэчы, так атрымалася, што ўсе нашы суразмоўцы могуць назваць сябе шчаслівымі матулямі – дзеці заўсёды з імі на сувязі, дапамагаюць і не забываюць малую радзіму.
Апошняй не па важнасці, а па чарзе стала імянінніца Ганна Бандарэнка. На гэтым тыдні Ганна Афанасьеўна адзначыла чарговы дзень нараджэння. Не будзем спыняцца, колькі споўнілася жанчыне, не ў гэтым справа. А ў тым, што і яна святкуе яго не ў адзіноце. Наадварот, на працягу цэлага дня ў дом з’ехаліся шматлікія родныя, а тэлефон ні на хвілінку не суціхаў.
Ураджэнка вёскі Рабец, Ганна Афанасьеўна з 1967 года жыве тут – на танцах у райцэнтры сустрэла свой лёс, пайшла замуж за прывабнага і працавітага хлопца Віктара. Шмат гадоў працавала ў галіне грамадскага харчавання. Трое дзяцей, сем унукаў і шэсць праўнукаў – вось, хто дорыць радасць жанчыне. Варта адзначыць, што Ганна Афанасьеўна ганарыцца не толькі сваімі дзецьмі, але і родным братам – Васілія Афанасьевіча Равяку ведае ўся краіна як Героя Беларусі, Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі. На вялікі жаль, сёлета славуты зямляк пайшоў з жыцця. Але памяць яго беражэ ўся сям’я.
Пасля прыемных знаёмстваў вяртаюся да машыны. Раптам на шэрым небе заззяла сонейка. І так прыгожа засвяціла над езапоўскім паркам. Дагэтуль не ведала, што на царкоўныя святы да езапоўцаў прыязджае свяшчэннік Храпкаўскай царквы – на Крашчэнне, Вялікдзень, Яблычны Спас заўжды збіраюцца тутэйшыя каля парка, каб асвяціць ваду ці прадукты. Месца гэта намоленае і светлае, як цяпер пад праменнем сонейка.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.