Сёлета ў адным з першых нумароў нашай газеты мы абяцалі падрабязней расказаць пра з’яўленне хадулістаў у нашым горадзе. Выконваем.
Хадулі з Мінска ў Хойнікі прывезла Паліна Ходас, якая цяпер працуе мастацкім кіраўніком у цэнтры культуры г. Хойнікі. Сама дзяўчына ўпершыню стала на іх на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, калі трапіла ў калектыў В.П. Кустава. Падчас вучобы ў сталіцы яна шмат дзе выступала – у Гродна, Маладзечне, Ашмянах, на Дні горада ў Рэчыцы, на Рэспубліканскіх «Дажынках» у Жлобіне, на святкаванні 9 Мая ў Мінску. Акрамя таго, ёй у складзе творчага калектыву давялося прадстаўляць Беларусь на міжнародным фестывалі «Студэнцкая вясна краін ШОС» у горадзе Чыта. А таксама дзякуючы гэтаму захапленню хайнічанка пабывала ў ліку іншых з выступленнямі ў Тунісе.
Сёння ў сферы забаў прапануецца неверагоднае мноства самых разнастайных жанраў. Але да гэтага часу выступленні трохмятровых хадулістаў здзіўляюць як дзяцей, так і дарослых. Асабліва ў такіх невялікіх гарадах, як нашы Хойнікі.
У нас, па ініцыятыве Паліны, хадулісты ўпершыню выступілі роўна год таму – на святкаванні Масленіцы. Тады ўсе ўдзельнікі гуляння былі ў захапленні. Затым даўганогія артысты шпацыравалі па гарадскім парку на Дзень горада, а на навагодніх мерапрыемствах выступалі ў ролі Мяцеліц. На фестывалі «Кліч Палесся» ў Ляскавічах дзяўчына ў нацыянальным касцюме і на хадулях была ў цэнтры ўвагі на хойніцкім падворку.
«Калі ўпершыню становішся на хадулі, – расказвае Паліна Ходас, – адчуванні невымоўныя. Спачатку ногі цябе зусім не слухаюцца, і ты знаходзішся ў пастаянным хваляванні, што вось-вось упадзеш. Аднак рухацца на хадулях не складана, а вось танцаваць і рабіць розныя элементы – вельмі няпроста. Я спачатку вучылася хадзіць на іх, потым падымаць нагу, затым скакаць на адной назе і г.д. Самае складанае ў нумарах, якія мы рыхтавалі, – гэта сінхроннае выкананне ўсіх рухаў».
У Чыту рабяты рыхтавалі два нумары: першы – лірычны, з белымі крыламі, а другі – у стылі танца полька. А наогул Паліне даводзілася прымяраць самыя розныя вобразы, усё, вядома ж, залежыць ад тэматыкі мерапрыемства. Хадулісты – сапраўднае ўпрыгажэнне любога свята. У прыватнасці, вяселля, як правіла, там яны выступаюць у ролі анёлаў. Паліна ўдзельнічала ў адкрыцці гандлёвых цэнтраў, на выпускных вечарах, карпаратывах, выставах, на дыскатэках у клубах і нават на прэзентацыі кліпа спявачкі Улады.
Пасля заканчэння ўніверсітэта яна прыехала працаваць на сваю радзіму і зараз хоча падзяліцца навыкамі выступлення на хадулях з жадаючымі. З гэтай мэтай сёлета з 1 студзеня быў адкрыты гурток «Экстрым», наведваючы які маладыя людзі змогуць авалодаць гэтым арыгінальным жанрам – навучыцца галавакружным тэхнічным трукам.
Хадулі – гэта быццам працяг ног. І тым, хто вырашыць стаць на іх, неабходна будзе навучыцца давяраць сваім нагам, стаяць на іх упэўнена, трымаць спіну прама. Акрамя таго, неабходна захоўваць патрэбную адлегласць пры расстаноўцы хадуляў. Нельга расстаўляць ногі занадта шырока і ставіць іх вельмі блізка. Прыдзецца выпрацаваць новы стыль хадзьбы – «не згінаючы калені». Усіх правілаў на самой справе многа, але калі вы пойдзеце на хадулях – станоўчых эмоцый будзе шмат, можаце не сумнявацца. Нягледзячы на прыгажосць, гэта вялікая праца і экстрым. Дарэчы, хадулі ў магазіне не купіш, іх трэба заказваць у спецыяльных фірмах.
Усё гэта вельмі цікава, таму спрабуйце!
Наталля ЧЭКАН.