Падсобныя гаспадаркі ў гісторыі развіцця грамадства пабывалі ў розных сітуацыях. Гэта былі кантрасты – ад вялікай падтрымкі да катэгарычнага “не”. Але сёння адназначна зразумела, што асабістыя падсобныя гаспадаркі ўносяць сур’ёзную лепту ў агульную скарбонку рэгіёна і краіны. А жаданне ці нежаданне аддаваць свае сілы і час дадатковай сельскагаспадарчай працы залежаць часта ад мясцовай улады, ад яе стаўлення да клопатаў людзей.
Вось чаму асаблівую актуальнасць набывае мерапрыемства, якое адбылося на базе Алексіцкага сельскага Савета – сумеснае пасяджэнне прэзідыума райсавета дэпутатаў і пастаянных камісій райсавета: па аграрных пытаннях, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных і прыродных рэсурсаў, добраўпарадкаванню і экалогіі і па бюджэтна-эканамічных, пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва з запрашэннем дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый і ведамстваў. Разглядвалася пытанне аб развіцці асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
Напярэдадні было праведзена анкетаванне жыхароў усіх сельскіх Саветаў па абмяркоўваемай тэме. Яно выявіла, што маюцца праблемы з выдзяленнем пашы для грамадскай жывёлы, з выпіскай на платнай аснове сена, у рэалізацыі вырашчанай прадукцыі. Між тым, многія людзі не патрабуюць для сваёй падсобнай гаспадаркі дармавых паслуг – яны гатовы плаціць за сена, за апрацоўку зямлі.
У гэтым пытанні, як адзначала на пасяджэнні прэзідыума старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, у цесным тандэме павінны працаваць дырэктар гаспадаркі, які, як правіла, з’яўляецца дэпутатам, і кіраўнік мясцовай улады. Калі ў іх ёсць узаемаразуменне, узаемадзеянне, то, аб’яднаўшы намаганні, можна зрабіць многае дзеля дапамогі вяскоўцам, якія жадаюць рэалізоўваць лішкі прадукцыі са сваіх уласных гаспадарак.
Да гэтага патрэбна дадаць і падтрымку дзяржавы ў выглядзе крэдытаў на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі, прадстаўляемых Белаграпрамбанкам.
Як станоўчы факт адзначалася тое, што значна палепшылася становішча са зборам лішкаў малака ад насельніцтва, калі работу гэту ўзялі ў свае рукі індывідуальныя прадпрымальнікі. Па крайняй меры, цяпер значна зменшылася колькасць скарг на тлустасць прадаваемага вяскоўцамі малака. Ды і разлікі за яго паступаюць своечасова – чым не стымул для таго, каб трымаць кароўку ў двары?
На пасяджэнні прэзідыума даручана райсельгасхарчу ў тэрмін да 30 снежня 2010 года распрацаваць і ўнесці для зацвярджэння ў раённы Савет дэпутатаў праект Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Хойніцкага раёна на 2011-2015 гады. Самы час усім чыноўнікам і кіраўнікам павярнуцца тварам да чалавека, які хоча трымаць на сваім падворку жывёлу і апрацоўваць зямлю, атрымліваючы прадукцыю і ўраджай, якімі зможа шчодра падзяліцца з дзяржавай.