Для павышэння якасці паслуг

Медыцына і здароўе

У прайшоўшай пяцігодцы медыцынская дапамога жыхарам нашага горада і раёна заставалася даступнай і бясплатнай. Асноўнай задачай развіцця аховы здароўя  па-ранейшаму з’яўляецца паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва на аснове далейшага павышэння якасці медыцынскіх паслуг, забеспячэнне за кошт бюджэтных сродкаў медыцынскай дапамогі кожнаму чалавеку.

Асноўная ўвага ўдзялялася аснашчэнню цэнтральнай раённай бальніцы, устаноў аховы здароўя на вёсцы новым сучасным медыцынскім абсталяваннем. Найбольш простым, нізка затратным, інфарматыўным, даступным для насельніцтва спосабам дыягностыкі з’яўляецца суцэльнае рэнтгеналагічнае даследаванне дарослага насельніцтва. Сёлета цэнтральная раённая бальніца атрымала лічбавую флюараграфічную сістэму “Пульмаэкспрэс”. Абсталяванне коштам больш за 440 мільёнаў рублёў закуплена Дэпартаментам па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. А ў сакавіку сёлета за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закуплены для райбальніцы стацыянарны лічбавы флюараграфічны комплекс “Пульмаскан” коштам 234 мільёны рублёў. Гэтае абсталяванне дазволіць паспяхова вырашаць задачы па ранняй дыягностыцы  органаў грудной клеткі ва ўмовах раённай паліклінікі і праводзіць абследаванне жыхароў аддаленых сельскіх населеных пунктаў нашага раёна. Варта адзначыць, што вытворца гэтага абсталявання айчынны – навукова-вытворчае унітарнае прадпрыемства “Адані”, яго спецыялісты праводзілі мантаж і наладку ўстановак.

За перыяд 2006-2010 гадоў паступіла абсталяванне для рэанімацыйнага аддзялення, радзільнага аддзяленняў  ЦРБ, клінічнай лабараторыі, а таксама электракардыёграфы, апарат фізіарэфлексатэрапіі, фібраэндаскоп, дэфібрылятар, ультрагукавы дыягнастычны апарат, стаматалагічная ўстаноўка, станцыя па аўтаматычнай падачы медыцынскага кісларода і іншае, у тым ліку добрая частка яго прадастаўлена на бязвыплатнай аснове. Гэтым летам на цырымонію падпісання дакументаў аб перадачы дабрачыннай дапамогі на суму 35 мільёнаў беларускіх рублёў прыязджала намеснік старшыні нямецкай асацыяцыі “Чарнобыль-дапамога”, каардынатар праектаў інстытута Отта Хуга Крысціна Фрэнцэль. Паступіўшае абсталяванне дазволіць павысіць якасць прадастаўляемых  медыцынскіх паслуг насельніцтву.

У 2007 годзе быў заключаны грант-кантракт паміж пасольствам Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцай, мэтай якога з’яўляецца ранняе выяўленне, пастаноўка дыягназу і тэрапія рака шчытападобнай залозы ў жыхароў нашага раёна. У 2007-2009 гадах праводзіліся падрыхтоўчыя работы , якія ўключалі ў сябе заключэнне дагавора, закупку і мантаж абсталявання. Тэлемедыцына ў рэжыме рэальнага часу – інфармацыйна-адукацыйная тэлесістэма, якой японскія медыкі злучылі Хойніцкую ЦРБ, Гомельскі і Нагасакскі медуніверсітэты. Урачы дзвюх краін могуць наладжваць візуальны кантакт, раіцца, кансультавацца, абмяркоўваць узнікшыя праблемы ў лячэнні пацыентаў. 14 снежня 2009 года тэлемост запрацаваў.

За пяць гадоў праведзены значны аб’ём работ па рамонту ўстаноў аховы здароўя. Так, сёлета ажыццёўлены бягучы рамонт уваходнай групы будынка паліклінікі на суму 144,7 мільёна рублёў, а таксама капітальны рамонт Велікаборскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, рэканструкцыя Глінішчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, мадэрнізацыя будынка Судкоўскай амбулаторыі, капітальны рамонт і мадэрнізацыя Стралічаўскай АУАП, капітальны рамонт рамонт Храпкаўскага і Веляцінскага ФАПаў.

Сёлета пачаты  работы па рэканструкцыі хірургічнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы, зараз праводзіцца вонкавае абнаўленне памяшкання.
Рэалізацыя намечаных на пяцігодку мерапрыемстваў у галіне аховы здароўя раёна накіравана на зніжэнне ўзроўню захворванняў насельніцтва, укараненне новых эфектыўных спосабаў дыягностыкі і лячэння.


 


Ю. ВАСІЛЕВІЧ, галоўны ўрач установы аховы здароўя “Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца”.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *