Пачатак святу музыкі даў канцэрт струннага квартэта ў райвыканкаме. Затым адбылася прэс-канферэнцыя з М.Я. Фінбергам. Маэстра падкрэсліў, што выходзіць на сцэну толькі з любоўю да публікі. Яму няма ніякай розніцы дзе выступаць, на малых ці вялікіх пляцоўках, галоўнае – выступіць выдатна. І заўсёды калектыў працуе без фанаграмы – выкананне толькі жывое. Кожны яго ўдзельнік добрасумленна ставіцца да свайго выступлення, пагэтаму склад выканаўцаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі доўгія гады застаецца нязменным.
Далей па праграме ў дзіцячай школе мастацтваў прагучалі ака- пэльныя песні вакальнага ансамблю. У РДК гледачоў інструментальна віталі ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, струнны аркестр, струнны квартэт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.
У цэнтры культуры г. Хойнікі вакальнае майстэрства для прыхільнікаў эстраднай музыкі дэманстравалі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Гучалі знакамітыя хіты, слухачы з задавальненнем падпявалі артыстам і шчодра апладзіравалі. За дырыжорскім пультам знаходзіўся, як заўсёды, маэстра Міхаіл Фінберг. Дзякуй яму за арганізацыю гэтай сустрэчы з заслужаным калектывам. Будзем спадзявацца на новыя.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.