Судкаўчане заканчваюць, а велікаборцы «патанаюць»

Сельское хозяйство

Перш чым накіравацца на палі, з лічбаў у аператыўнай зводцы райсельгасхарчу вызначаем самых лепшых і самых горшых на сяўбе ранніх яравых зерневых культур. У лідарах – судкаўчане, адстаюць – велікаборцы.

Спачатку тэлефануем галоўнаму аграному КСУП «Судкова» С.В. Мастабаю. «Вось гэта тэмпы! Два дні і адсееце?» – пытаемся ў спецыяліста. «Дай Бог», – як заўжды, сціпла адказвае Сяргей Віктаравіч. Але ж, зразумела, што на Бога спадзяюцца, але і самі вельмі стараюцца. Бяром у агранома каардынаты, дзе працуюць сеялкі, а гэта на полі паміж вёскамі Дворышча і Храпкаў, і адпраўляемся туды.
…Год таму Юрый Курыленка таксама быў задзейнічаны на сяўбе, пасля займаўся апрацоўкай глебы, летам карміў жывёлу, па восені зноў быў «закручаны» ў пасяўной кампаніі, зімой адпачываў у водпуску, выйшаў – пачаў рамантаваць тэхніку, і вось у сакавіку выехаў у поле. Чарговая вясна. Чарговая сяўба. Чарговая наша сустрэча (менавіта на веснавым палетку). І быццам не было гэтага цэлага года. Юра на вялікім МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6 «расчэсвае» зямлю, нібы грабеньчыкам, кідаючы зярняткі ячменю. Спыняецца на некалькі хвілін для гутаркі. Як заўсёды, усміхаецца, жартуе.
Побач з ім на аналагічнай тэхніцы працуе малады механізатар, дарэчы, лідар сёлетняй сяўбы – Дзмітрый Мартыненка. Мы з ім часта сустракаліся падчас леташняга жніва. Неўзабаве і ён далучаецца да дыялогу. Гэта мала паходзіць на афіцыйнае інтэрв’ю, хутчэй, гутарка па душах. Сейбіты расказалі, што іх турбуе, што радуе. Цікавіліся раённымі навінамі, у прыватнасці, ходам палявых работ. Гаварылі пра надвор’е, настрой, хатнія справы – аба ўсім пакрыху. Доўгія ж гутаркі на полі недазваляльныя – справа чакае. Аб гэтым нагадаў дожджык, які пачаўся і прагнаў мяне з поля.

Чаму ж велікаборцы адстаюць? Напэўна, на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Работнікі гэтага сельгаспрадпрыемства ўжо неаднойчы даказвалі, што пры жаданні, маючы нават бяднейшыя рэсурсы, магчыма дабівацца поспехаў. Таму перш чым абрушыць крытыку наконт маруднай сяўбы, вырашылі разабрацца.
Аказалася, што стапарыць справу вада. Усе палі гаспадаркі літаральна ператварылася ў балоты. У гэтым упэўніліся, калі разам з дырэктарам КСУП «Велікаборскі» В.Б. Кузьменкам аб’ехалі сельгасугоддзі. Трэба адчыніць шлюзы і скінуць ваду з каналаў – гэта пытанне зараз вырашаецца сумесна з прадпрыемствам меліярацыйных сістэм. Трактар з сеялкай не можа заехаць на поле – раннія яравыя зерневыя сеюць па маленькіх кавалачках зямлі, таму і працэнт невялікі. Пры гэтым МТЗ раз-пораз грузне, даводзіцца зрываць іншую тэхніку, каб выцягнуць яго. Такім чынам, зноў жа губляецца час. Ды яшчэ дажджы дадаюць вады. Але з іншага боку, вільгаць у глебе – гэта добра. Нагод для панікі няма, пасеяць паспеюць, але пакуль Васілію Барысавічу даводзіцца рабіць сотні званкоў у дзень, каб вырашыць арганізацыйныя пытанні. Затое па іншых відах вясенніх палявых работ праблем няма – вядзецца падкормка, уносіцца арганіка, у дзве змены апрацоўваецца глеба. Таму сумнявацца не даводзіцца – велікаборцы нагоняць страчанае.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *