У апошнія гады сельгаспрадпрыемства “Веляцін” пастаянна займае ў раёне лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці малака.
Таму і нездарма яго кіраўнікі не раз заахвочваліся адміністрацыяй ПУП “Палескія сыры” за найбольшую колькасць пастаўленага на перапрацоўку малака. Тым больш уражлівым і заслугоўваючым павагі выглядае цяперашні скачок гаспадаркі ў галіне малочнай жывёлагадоўлі. Узяць, напрыклад, аператыўную зводку райсельгасхарчу па вытворчасці малака за 15 снежня. Якую пазіцыю не разглядвай – “Веляцін” толькі ў плюсе: валавая вытворчасць склала 10963 тоны (самы высокі паказчык у раёне). Гэта 121 працэнт да ўзроўню мінулага года і 101,4 % да прагнознага задання; па рэалізацыі малака рост яшчэ больш адчувальны – 6854 тоны ў 2009 годзе і 9058 у 2010-м (132 %); па сярэднясутачнаму надою малака ад каровы – 8,7 кілаграма ў годзе мінулым і 10,1 (таксама найвышэйшы паказчык у раёне) у годзе бягучым.
У чым сакрэт такога адчувальнага росту? Тым болей, што гаспадарка мае моцную, аднак усё ж не самую сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу жывёлагадоўлі. У размове з дырэктарам гаспадаркі Р.А. Гардзейчыкам прыходзіш да высновы: у “Велеціне” эфектыўна выкарыстоўваюць так званыя ўнутраныя рэзервы. Сярод фактараў, якія назваў Рыгор Аляксандравіч, можна выдзеліць наступныя: паляпшэнне якасці работы па ўзнаўленню статка і рост колькасці расцёлаў, збалансаванасць і павышэнне пажыўнасці рацыёна харчавання жывёлы, належная арганізаванасць работы, паляпшэнне вытворчай і працоўнай дысцыпліны.
Зразумела, што поспех на пустым месцы не ўзнікае, сукупнасць усіх гэтых фактараў запатрабавала ад людзей высокай адказнасці, а таксама дакладнага ведання і выканання сваіх абавязкаў. Асабліва ярка праяўляецца гэта ў калектыве Ліствінскай малочнатаварнай фермы, якая ў гаспадарцы лічыцца адной з лепшых. Узначальвае яго Раіса Васільеўна Півавар. Яна змагла арганізаваць работу такім чынам, што правяраць кожнага з падначаленых няма асаблівай патрэбы. Напрыклад, даглядчык жывёлы Ігар Васільевіч Сапончык заўсёды ўважліва сочыць за расходваннем і рацыянальным выкарыстаннем кармоў, станам жывёлагадоўчых памяшканняў, кашар і агародж вакол іх, таксама назірае за станам здароўя жывёлы. У выпадку, калі нейкая з рагуль адмаўляецца ад кармлення, адразу ж паведамляе аб гэтым ветэрынарнаму ўрачу або заатэхніку.
Працавітасцю і стараннасцю вызначаецца аператар машыннага даення кароў Алена Фёдараўна Шэлкунова. У рабоце ёй дапамагаюць не толькі немалы стаж у жывёлагадоўлі, але і любоў, і ласка да жывёлы. Такая ж пяшчотнасць да зусім маленькіх цялятак да трохмесячнага ўзросту ўласціва і цялятніцы Марыі Дзмітрыеўне Анікейчанка. Яна таксама працуе ў жывёлагадоўлі немалы час і зарэкамендавала сябе з самага лепшага боку.
Такія ж добрыя словы можна сказаць у адрас многіх жывёлаводаў не толькі з Ліствінскай МТФ, але і іншых малочнатаварных ферм. Нездарма ж дырэктар КСУП “Веляцін” Р.А. Гардзейчык з цеплынёй і гонарам адзначыў, што галоўнае багацце яго гаспадаркі – гэта людзі, сумленныя і адказныя працаўнікі, якім можна даверыць любую справу і якія не ўяўляюць сваё жыццё без нялёгкіх, але ўсё ж звыклых жывёлагадоўчых клопатаў.