Каб жыць заможна, трэба працаваць дружна

Сельское хозяйство

Так небеспадстаўна лічаць жыхарка вёскі Стралічава Таццяна Міхайлаўна Сянько  і яе муж Уладзімір Уладзіміравіч Балобан. Яны маюць ледзь не большую ў гэтым населеным пункце падсобную гаспадарку.

Трымаюць свіней, трусоў, качак, курэй, апрацоўваюць вялікі прысядзібны ўчастак, дзе вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя буракі. Але самы галоўны акцэнт яны зрабілі на дамашняй жывёлагадоўлі – зараз у іх налічваецца восем дойных кароў. Ад рэалізацыі малака дзяржаве гэтая сям’я мае асноўны прыбытак у сямейны бюджэт. Цяпер, калі большасць кароў знаходзіцца ў запуску, Таццяна Міхайлаўна штодня прадае ў сярэднім па 70 літраў уласнай прадукцыі, летам жа гэты паказчык перавышае 140 літраў. 

– Даенне праводзім кожны дзень па два разы,  гаворыць Т.М. Сянько. – Уручную, канешне, вельмі цяжка было б справіцца, пагэтаму набылі  на гомельскім маторарамонтным заводзе даільны апарат. Хаця і нямала грошай уклалі, аднак затраты гэтыя апраўдваюцца. На маю думку, яшчэ большы стымул у малаказдатчыкаў з’явіўся, калі справу ўзялі на сябе індывідуальныя прадпрымальнікі. Іван Рыгоравіч Сніцарэнка, які збірае малако ў нашай вёсцы,  надзвычай добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Грошы за здадзеную прадукцыю выплачваюцца без затрымак праз кожныя пятнаццаць дзён месяца. Зніклі пытанні з якаснымі паказчыкамі здаваемага малака – аналізы на тлустасць таксама праводзяцца рэгулярна.

Да гэтага трэба дадаць, што кіраўніцтва эксбазы “Стралічава” вельмі ўважліва адносіцца да патрэб актыўных малаказдатчыкаў. У прыватнасці, Таццяна Міхайлаўна адзначыла, што няма праблем з выдзяленнем сена і сенажу, якія прадаюцца па прымальнай цане. Так і павінна быць, таму што закуп малака ад насельніцтва зараз з’яўляецца адной з важнейшых дзяржаўных задач.

Немалаважную ролю адыгрывае і маральны фактар. Летась Таццяне Міхайлаўне Сянько, як лепшай малаказдатчыцы раёна, на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі быў уручаны каштоўны падарунак. Такое прызнанне таксама многага каштуе.

 На агульную карысць і на дамашняе заможжа ў гэтай сям’і працуюць усе разам. Але, па словах Таццяна Міхайлаўны, большая нагрузка кладзецца  на плечы мужа, які працуе даглядчыкам на Губарэвіцкай малочнатаварнай ферме эксперыментальнай базы “Стралічава”, дзе яна брыгадзір. Калі надараецца вольны дзень, прыязджае з Гомеля на дапамогу сын Міхаіл, які служыць у падраздзяленні Міністэрства Рэспублікі Беларусь па надзвычайных сітуацыях. З бацькамі пражывае дачка Наталля,  таксама ўвішная і працавітая, якая нядаўна падарыла ім першага ўнука Данііла.

– Усе мы многа працуем дзеля асабістага дабрабыту, – зазначыла Таццяна Міхайлаўна. – Але задаволены тым, што ўносім свой сціплы ўклад у справу забеспячэння харчовай бяспекі нашай краіны, дзе жыць і працаваць нашым дзецям і ўнукам. І вельмі добра, што нашаму прыкладу следуюць многія  аднавяскоўцы – сярод іх нямала актыўных малаказдатчыкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *