Хайнічане не адпусцілі перамогу

Спорт

Юбілейны пяты абласны юнацкі турнір па барацьбе дзюдо на прызы нашага земляка Сяргея Кухарэнкі прайшоў 18 снежня ў спартыўнай зале Хойніцкай дзяржаўнай гімназіі.

Удзел у ім прынялі 148 юных дзюдаістаў і дзюдаістак, якія прадстаўлялі 12 каманд Гомельшчыны.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў пасля выканання дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь поспехаў яго ўдзельнікам пажадалі начальнік аддзела моладзі  райвыканкама І.С. Панчанка, загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Р.Я. Кажамякіна, заснавальнік гэтых спаборніцтваў С.П. Кухарэнка і галоўны суддзя турніру А.М. Лук’яненка.

Закіпелі страсці адразу на двух татамі, на адным з якіх барацьбу вялі юнакі, на другім – дзяўчаты. З першых жа паядынкаў стратэгічную пераможную ініцыятыву захапілі хайнічане і не ўпусцілі яе да самога заканчэння турніру. Выхаванцы Алега Лук’яненкі і Уладзіміра Бордака занялі 8 першых месц з 11 і ўпэўнена лідзіравалі ў камандным заліку. Пераможцамі сталі Антон Віннік, Іван Баляхін, брат і сястра Максім і Дар’я Грыгаровіч (СШ № 3), Любоў Козыр (СШ № 1), Ксенія Будзько, Крысціна Ярац і Анастасія Кузьменка (Гомельскае РВАР). Свой уклад у камандную перамогу таксама ўнеслі заняўшыя другія месцы Павел Шырчанка (гімназія) і Аляксандра Шкут (Гомельскае РВАР), а таксама Ангеліна Бабій (СШ № 3), Мікіта Ледзянёў і Ігар Зотаў (СШ № 1), якія занялі трэція прызавыя месцы.

Па выніках каманднай барацьбы месцы за хайнічанамі занялі каманды Гомельскага цэнтра алімпійскага рэзерву па спартыўных адзінаборствах і ДЮСШ ВА “Гомсельмаш”.

Уручаліся на гэтым турніры і індывідуальныя прызы. Так, каштоўныя падарункі за перамогу ў намінацыі “Лепшая тэхніка барацьбы” атрымалі нашы землякі Ксенія Будзько і Іван Баляхін. А вось узнагароды “За волю да перамогі” сёлета дасталіся нашым гасцям. Сярод дзяўчат яны ўручаны Вікторыі Негадзяевай са Светлагорска, сярод юнакоў – Антону Будзіле з Гомельскага цэнтра алімпійскага рэзерву.

Арганізатары спаборніцтваў вельмі ўдзячны за дапамогу індывідуальным прадпрымальнікам І.В. Сінгаеву, У.А. Каваленку, Р.І. і А.Р. Ярмоленкам, а таксама юным артыстам харэаграфічнага ансамбля дзіцячай школы мастацтваў, якія парадавалі ўдзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў сваім натхнёным і іскрамётным танцам.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *