«З надзеяй – у будучыню»

Культура Рэха падзеі

Пад гэтай назвай у цэнтры вольнага часу аграгарадка Стралічава прайшоў канцэрт у рамках ХХХІ Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця». Не першы год пляцоўкі ўстаноў культуры раёна прымаюць гасцей – юных таленавітых артыстаў, якія пражываюць на закранутых чарнобыльскай бядой тэрыторыях.
Першая частка святочнай праграмы склалася з яркіх выступленняў узорнага ансамбля эстраднага танца «Драйв» ЦТДіМ г. Хойнікі. Выступалі старшая і малодшая групы калектыву. Звінелі званочкамі галасы вакалістаў узорнага ансамбля народнай песні «Верасок» дзіцячай школы мастацтваў. Сваімі сольнымі нумарамі парадавалі юныя Вераніка Махнавец і Паліна Шчасновіч.
Варта аддаць даніну павагі гледачам насычанай канцэртнай праграмы. Жыхары аграгарадка Стралічава ды і гараджане, якія завіталі на мерапрыемства, не шкадавалі далоняў для бясконцых авацый. Гучна віталі і сваіх, хойніцкіх, і сталічных артыстаў, і равеснікаў з Мазыра – трохразовых чэмпіёнаў Сусветнага чэмпіянату выканальніцкіх мастацтваў у Лас-Анджэлесе (ЗША) – танцораў дзіцяча-юнацкага ансамбля народнага эстраднага танца і песні «Палеская зорачка».
Другое аддзяленне вяла добра знаёмая па штогадовых канцэртах кіраўнік праекта «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця» Кацярына Копялева. З вялікай павагай і ўдзячнасцю яна гаварыла пра велізарны творчы патэнцыял Хойнікшчыны. Доказам яе слоў служаць поспехі неаднаразовых удзельнікаў праекта з нашага раёна, высокі падрыхтоўчы ўзровень хойніцкіх рабят, якія таксама штогод бяруць удзел у рэспубліканскіх гала-канцэртах «Чарнобыльскага шляха» ў сталіцы.
Цудоўна выступіла поп-фальк група «Гуляй, бульбаш!». Квартэт настолькі дынамічна выконваў кожную кампазіцыю, што пайсці ў пляс не складала цяжкасцяў.
Вы б чулі той станоўчы гармідар, які выклікала выступленне любімага артыста нашых землякоў – жыхара Брэста Генадзя Станько! На ўсіх канцэртах, дзе ён спяваў, публіка заслухвалася меладычнымі пералівамі голасу.
У фінале мерапрыемства артыстам дзякавала ад імя ўсіх сабраўшыхся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Няволіна. І да яе шчырых слоў далучылася ўся глядацкая зала.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *