Сапраўдныя эмоцыі

Тэрыторыя моладзі Увлечения хойничан

Аб хайнічанцы Юліі Іванюценка мы расказвалі як пра калекцыянера фігурак з салодкасці «Кіндэр-сюрпрыз». Але ў дзяўчыны, якая, дарэчы, працуе юрысконсультам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ёсць не менш эфектнае захапленне – скрапбукінг.
Пра Юліна хобі расказала нам яе калега галоўны бухгалтар ТЦСАН Зінаіда Аляксееўна Гардзейчык. Пасля святкавання 8 Сакавіка жанчына даслала ў рэдакцыю фотаздымак падарункаў, якія зрабіла Юлія. Кожная прадстаўніца гэтай установы атрымала паштоўку, унутры якой у асобных кішэньках быў укладзены шакалад і некалькі сашэ гарбаты. Ну як тут не парадавацца?!
Пазней, каб даведацца больш пра захапленне Юліі Іванюценка, зайшла на старонку яе групы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» – «Подарки и сувениры ручной работы». У першую чаргу захапілі здымкі фотаальбомаў ручной работы. Па іх выразна чытаецца тая пяшчота, з якой Юлія рабіла вялізную па аб’ёму і памерах кнігу для самых памятных момантаў жыцця. Дарэчы, усур’ёз яна пачала займацца скрапбукінгам, так называецца від рукадзелля па вырабу ўручную паштовак, альбомаў і іншых упрыгожанняў інтэр’еру, менавіта з фотаальбома. У 2015 годзе Юлія выйшла замуж за свайго каханага Аляксандра, да вяселля самастойна прадумвала і ўвасабляла запрашэнні, афармленне залы і святочнага фотаальбома. На ажыццяўленне ідэі патраціла не адзін дзень, але справа, як паказаў час, была таго вартая.
Творчаму працэсу не замінала і атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Летась Юлія Іванюценка атрымала дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Але творчасць не пакідае. Больш за тое, пазітыўныя водгукі аб падарунках з ручной работы толькі падмацоўваюць жаданне ўдасканальваць сваю тэхніку.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *