Неаспрэчны выбар


У Вялікай зале Палаца Рэспублікі 21 студзеня адбылася ўрачыстая цырымонія ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Аб гэтым БЕЛТА паведамілі у прэс-службе беларускага лідара.



Картэж кіраўніка дзяржавы прыбыў да Палаца Рэспублікі ў суправаджэнні ганаровага эскорту з дзевяці матацыклістаў. Пад гукі фанфар Аляксандр Лукашэнка прайшоў у Вялікую залу і падняўся на сцэну, дзе таксама знаходзіліся старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.



Затым пад гукі ўрачыстага марша на сцэну ўнеслі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны сцяг і штандар Прэзідэнта Беларусі.
Цырымонію інаўгурацыі адкрыла Лідзія Ярмошына. Вітаючы Аляксандра Лукашэнку, яна сказала: «У гэты ўрачысты дзень Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь аб’яўляе, што воляй народа Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Выбаршчыкі Беларусі прынялі гэта адказнае рашэнне, аддаўшы свае галасы за выбранне Аляксандра Рыгоравіча ва ўмовах свабодных і дэмакратычных выбараў».



У прысутнасці вышэйшых службовых асоб краіны, а таксама шматлікіх запрошаных на інаўгурацыю Аляксандр Лукашэнка, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю Беларусі, сказаў словы прысягі: «Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».
Пасля падпісання акта аб прынясенні прысягі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.



Віншуючы Аляксандра Лукашэнку з афіцыйным уступленнем на пасаду Прэзідэнта Беларусі ад імя Нацыянальнага сходу, Анатоль Рубінаў падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы быў выбраны на гэту пасаду ў выніку сумленных, дэмакратычных, адкрытых выбараў, у якіх прынялі ўдзел практычна ўсе грамадзяне краіны.
 З афіцыйным уступленнем на пасаду Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку таксама павіншаваў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. «З імем вашым народ Беларусі звязвае свае надзеі ў справах грамадзянскага дабрабыту і прадаўжэння дзяржаўнага будаўніцтва ў супольнасці розных краін і народаў», – сказаў прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы.
Прэзідэнт падзякаваў суайчыннікам за стойкасць, мудрасць і вытрымку. «Выказваю ўдзячнасць дзяржавам, палітычным лідарам і ўсім замежным сябрам, якія былі з намі ў гэты няпросты час. А нядобразычліўцам Беларусі хачу нагадаць народную мудрасць: не раздзімай пажар у суседа – агонь можа незнарок перакінуцца і на твой дом», – перасцярог кіраўнік дзяржавы



Паводле яго слоў, вірус «каляровых рэвалюцый» паражае толькі слабыя краіны, чый дзяржаўны арганізм выматаны эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а ўлада знаходзіцца ў канфрантацыі з насельніцтвам. «У Беларусі для яго проста няма пажыўнага асяроддзя», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць папярэдняму ўраду на чале з Сяргеем Сідорскім за плённую работу. «Фарміруемы склад новага Савета Міністраў мяняецца. Але і тыя, хто ў яго не ўвайшоў, будуць запатрабаваны ў нашай дзяржаве, нашым народам», – дадаў ён.



Паводле слоў Прэзідэнта, новы час патрабуе ад усіх, і асабліва ад кіраўнікоў розных узроўняў, большай дынамікі і большай выніковасці. За мінулыя гады закладзены магутны фундамент для доўгатэрміновага, стабільнага развіцця. «Цяпер галоўная задача – перайсці ад аднаўлення і захавання да шматразовага прымнажэння ўсяго створанага. Гэта наша стратэгія і арыенцір на бліжэйшыя пяць гадоў, – падкрэсліў беларускі лідар. – Галоўнай рухаючай сілай росту павінны стаць дзелавая актыўнасць, ініцыятыва, творчы патэнцыял грамадзян».



Ен яшчэ раз падзякаваў беларусам за зроблены выбар, пажадаў усім здароўя, шчасця, поспехаў, невычэрпных сіл для стваральнай працы на карысць Радзімы. «Калі нехта (і ў гэтай зале, і за яе межамі, хто нас сёння бачыць і чуе) яшчэ сумняваецца, ці правільны ён зрабіў выбар, прабачце за нясціпласць, скажу: не перажывайце, правільны вы зрабілі выбар, ваш Прэзідэнт – гэта ваш Прэзідэнт, і ён ніколі вас не падвядзе», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля завяршэння цырымоніі інаўгурацыі адбыўся святочны канцэрт майстроў мастацтваў.
На ўрачыстую цырымонію ў Палац Рэспублікі былі запрошаны больш за 2,5 тысячы чалавек.



Ад Хойніцкага раёна на інаўгурацыі прысутнічала дэлегацыя з 5 чалавек у складзе старшыні райвыканкама А.В. Бічана, старшыні райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўскай, старшыні Велікаборскага сельвыканкама Ю.М. Штыхнова, галоўнага рэдактара раённай газеты “Хойніцкія навіны” І.В. Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *