На мінулым тыдні ў скверы ў мікрараёне «Юбілейны» (каля «Еўраопта») дзіцячая пляцоўка папоўнілася новым абсталяваннем. Такі падарунак маленькім хайнічанам зрабілі прадстаўнікі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Па выніках акцыі «Чудеса на Рождество» (2016-2017 гг.) цэнтральны савет ГА «БРПА» прызнаў работу Гомельскай вобласці лепшай у рэспубліцы і прыняў рашэнне падарыць рэгіёну дзіцячую пляцоўку. Размясціць яе было вырашана ў Хойніках. Як паведамлялася, 22 красавіка ў час правядзення раённай канцэртнай праграмы «Беларусь – мая зямлiца, мой выток, мая крынiца …» старшыня Гомельскай абласной піянерскай арганізацыі БРПА Арцём Карпенка ўручыў падарункавы сертыфікат прадстаўнікам Хойніцкага райвыканкама. Затым работнікі КЖУП «Хойніцкі камунальнік» сабралі і ўстанавілі пляцоўку ў новым скверы каля «Еўраопта» (а не на тэрыторыі СШ № 3 г. Хойнікі, як спачатку планавалася), каб усе дзеці мелі свабодны доступ да яе.
Гульнявы комплекс уключае ў сябе горку, арэлі, сцяну для скалалазання, штурвал і падзорную трубу. Застаецца толькі дзякаваць за такі карысны падарунак і беражліва яго выкарыстоўваць.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.