Нароўні з тымі, хто змагаўся з фашыстамі на фронце, Перамогу набліжалі партызаны і падпольшчыкі. Пра іх смелую дзейнасць у Хойніках напісана дакументальная аповесць «Сказ пра 60 адважных». Яе можна ўзяць пачытаць у цэнтральнай бібліятэцы. Напярэдадні 72-й гадавіны Вялікай Перамогі нам пашчасціла паразмаўляць з аўтарам гэтай кнігі Аляксандрай Іванаўнай Захарэнка, якая жыве ў Мінску. У пачатку 1960-х яна жыла тут на працягу пары гадоў і пазней часта наязджала.
Па заданню Гомельскага абкома партыі яна прылятала «ў хвойны край, дзе горад акутаны каралямі змешанага лесу». Тут хадзіла па вуліцах, дзе пакінула свае меткі гісторыя. У Хойніках патраціла шмат часу, каб сабраць матэрыял аб патрыятычнай дзейнасці партыйна-камсамольскай падпольнай арганізацыі і потым увасобіць назапашаныя факты ў кнігу. Так і атрымалася. Свет убачыла дакументальная аповесць «Сказ пра 60 адважных» Штогод 9 Мая імёны загінуўшых патрыётаў роднай зямлі ўспамінаюць нашчадкі, якія бачаць іх на гранітных плітах на Брацкай магіле, што на гарадскіх могілках.
Гэта зараз наш горад у новым асфальце і новабудоўлях, а пісьменніца паспела пабачыць на свае вочы будынкі, дзе размяшчаліся фашысты: жандармерыю на вул. Савецкай, стары корпус першай гарадской школы, дзе быў нямецкі следчы аддзел, і мураваны банкаўскі будынак, быўшы ў вайну турмой для палонных партызан. Не ўявіць тых чыстых уражанняў, пра якія так палка многія дзесяцігоддзі пасля расказвала ў тэлефонную трубку Аляксандра Іванаўна.
Па камянях сумнага мінулага Аляксандра Захарэнка крочыла, калі прыязджала і на перапахаванне астанкаў загінуўшых герояў – галоўных дзеючых асоб яе кнігі «Сказ пра 60 адважных», расстраляных у рэальным жыцці 30 кастрычніка 1942 года.
Не забудзе Аляксандра Іванаўна і пра тры тыдні, калі кожны дзень хадзіла на суд над былымі паліцаямі. Справа настолькі рэзанансная ў той час, што пасяджэнне праходзіла ў раённым Доме культуры, у залу было не трапіць з-за натоўпу жадаючых паглядзець на здраднікаў.
Для таго каб знайсці сведкаў, спатрэбілася нямала ўпартасці і нават бясстрашнасці, таму што на шляху будучай пісьменніцы рабілі перашкоды тыя, каму праўда пра хойніцкіх партызан магла зламаць новую біяграфію. З іншага боку за жанчынай назіралі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі, перад якімі ўрэшце абараняла кожнае прозвішча, агучанае ў кнізе «Сказ пра 60 адважных». Не ўсе імёны, як дзесяцігоддзі пасля прызнаецца аўтар, трапілі на старонкі дакументальнай аповесці, час і абставіны паставілі пад сумніў многія факты. Усё ж малафарматная кніга на 230 старонак пра хойніцкіх патрыётаў мясцовага партызанскага падполля ўбачыла свет у 1964 годзе.
Вялікую падтрымку ў яе стварэнні аказвалі супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення КДБ, у доступе былі дакументы партыйнага архіва. Два гады спатрэбілася аўтару, каб нарэшце сабраць па кавалачках хроніку ваеннага ліхалецця.
Тэлефонная размова Мінск-Хойнікі праходзіла не менш чым 40 хвілін. Пісьменніца ўсё ўспамінала, пералічвала тых, з кім пазнаёмілася ў райцэнтры. Нягледзячы на паважаны ўзрост, а Аляксандры Іванаўне споўнілася 85 гадоў, яна ясна і дакладна памятае нюансы стварэння, як сама называе, «палескай ваеннай хронікі». І дадае, што ў кнізе «Сказ пра 60 адважных» выказала разам з афіцыйнымі версіямі і свае думкі.
На развітанне А.І. Захарэнка папрасіла пакласці кветкі на мемарыял і ад яе імя, бо сама наўрад ці зможа павітацца з Хойнікамі. Выканаем гэту просьбу.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Ад рэдакцыі: у памяць аб подзвігу шматлікіх прадстаўнікоў хойніцкага падполля, у тым ліку яго кіраўнікоў, з’явіліся ў нашым горадзе і вуліцы Андросава, Домнікава, Жыляка, Карася…