Сям’я, у якой гучыць любоў

Людзі і лёсы

Калі Ніне было тры гады, памёр яе бацька. Маці засталася адна з імі – чатырма дочкамі. Няпроста давялося сям’і, але дзяўчынкі ва ўсім падтрымлівалі любімую матулю. Закончылі Віцьеўскую школу – і лёс раскідаў іх па розных кутках. Сёстры паехалі з роднай вёскі, толькі Ніна не пакінула бацькоўскія мясціны. Пайшла замуж за мясцовага юнака Васілія, нарадзіла траіх дзяцей – Валю, Сяргея і Наташу. Але з часам юнацкія пачуцці сціхлі і жыццёвыя дарогі мужа і жонкі разышліся. Але жанчына ніколі не губляла веры ў лепшае, цалкам прысвячала сябе дзецям і працы на ферме.
Прайшоў час. У Ніны з’явіўся яшчэ адзін шанц на сямейнае шчасце. І на гэты раз ён не падвёў. З арміі вярнуўся вясковы юнак Віктар. Адносіны пачалі развівацца. Малады чалавек прыняў дзяцей сваёй каханай, як сваіх, і з таго часу ён для іх стаў сапраўдным бацькам. Неўзабаве ў пары з’явіўся сын Віталік, праз чатыры гады – дачка Вольга. Сям’я расла, а разам з ёй і шчасце.
І ўсё б было добра, калі б не гора – памерла сястра Ніны – Ганна, якая жыла на Віцебшчыне. Калі яна хварэла, тут, у вёсцы Віць, гасцяваў яе ўнук, якога не было каму даглядаць. У той час Жорыку было два годзікі. Цяпер юнаку – дваццаць. Гэты час ён жыў у цёткі Ніны, якую называе маці. Жанчына аформіла апеку над ім, і ў яе стала на аднаго сына больш.
Свае дзеці выраслі, паехалі вучыцца, стварылі сем’і. Цяпер яны жывуць у Мазыры, Гомелі, Глыбокім. Жора вучыцца ў ваеннай акадэміі ў Мінску. І неяк сумна стала на душы ў Ніны Сяргееўны. Дом, які заўсёды быў напоўнены дзіцячым смехам, сціх. Таму калі ёй аднойчы прапанавалі ўзяць на выхаванне хлопчыка з Барысаўшчанскага сацыяльнага прытулку, яна адразу ж згадзілася. Гэта быў Руслан, які цяпер вучыцца ў шостым класе. Але і на гэтым сям’я Сідарок не спынілася. Хутка ўзялі яшчэ дваіх – Сашу і Ілюшу. Першаму восем гадоў, другому – шэсць, на наступны год ён пойдзе ў школу.
Спачатку прыёмныя дзеці сумавалі па роднай матулі, узгадвалі ранейшае, хаця і не шчаслівае, жыццё. І чакалі, што некалі за імі прыедуць і забяруць. Але мінуў час, і цяпер яны ні за што не паедуць ад матулі Ніны і таты Віці.
Ніна Сяргееўна ўсё жыццё працавала ў жывёлагадоўлі, тры гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку. А Віктар шчыруе ў КСУП «Судкова». Сям’я трымае гаспадарку – дзве каровы, каня, свіней, курэй, качак. Саджае гарод, мае добрыя нарыхтоўкі – салаты, варэнне на любы густ. Матуля часта песціць сям’ю рознымі смачнасцямі – сырнікамі, блінамі, пячэннем…
У вольны час рабяты любяць глядзець мультфільмы па тэлевізару, гуляць у гульні на камп’ютары, бегаюць з мячыкам у двары, катаюцца на арэлях, веласіпедзе, самакаце… На вялікія святы ўсе дзевяць дзяцей, а таксама ўнукі сям’і Сідарок збіраюцца разам, і ў іх няма размежавання – яны ўсе родныя, любімыя. Адна вялікая дружная сям’я.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *